29 жніўня міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус возьме ўдзел ва ўрачыстай імпрэзе ўключэньня сярэднехвалёвага перадатчыка далёкага радыюсу дзеяньня, які Літоўскай Рэспубліцы перадалі Злучаныя Штаты Амэрыкі, паведамляецца на сайце Міністэрства замежных справаў Літвы.
У афіцыйнай частцы імпрэзы таксама возьме ўдзел кіраўнік тэхнічна-інфармацыйнай службы Рады кіраўнікоў вяшчаньня (BBG) Андрэ Мэндэс, міністар сувязі Літвы Рокас Масюліс, дэпутаты Сойму, прадстаўнікі дзяржаўных установаў і амбасады ЗША ў Літве.
Праз радыёперадатчык тыпу Nautel NX-200, усталяваны на станцыі Радыётэлецэнтру Літвы ў Вешынтах (Viešintos) Анікшчайскага раёну, будуць трансьлявацца праграмы Радыё Свабода на расейскай і беларускай мовах прызначаныя для аўдыторыі ў Расеі, Беларусі і Ўкраіне. Гэты перадатчык магутнасьцю 200 кіляватаў заменіць стары 75-кіляватны перадатчык, які працаваў у Сіткунах (Ковенскі раён) больш за 40 гадоў.