Беларушчына пашыраецца: берасьцейцы адчынілі ў Віцебску краму «Князь Вітаўт»

«Крама сувэнірных вырабаў у нацыянальным стылі» разьмясьцілася на праспэкце Фрунзэ, 8 — на першым паверсе пяціпавярховіка, амаль што ў самым цэнтры Віцебску.

Гэта ўжо другая ў Беларусі крама пад назовам «Князь Вітаўт», асартымэнт якой дазваляе жыхарам рэгіёнаў набываць сувэнірныя вырабы беларускай тэматыкі ў сябе дома, а ня езьдзіць дзеля таго ў Менск.

Сяргей Байко, адзін з гаспадароў крамы

Зрэшты, набыць тут можна ня толькі сувэніры, кажа адзін з гаспадароў, Сяргей Байко:

«Нядаўна мы атрымалі ліцэнзію на продаж друкаваных выданьняў, таму пачалі гандаль кнігамі і паштоўкамі. У нас можна набыць цішоткі і іншае адзеньне ад такіх вядомых брэндаў, як „Гонар“, „LSTR“, Symbal.by, сувэніры вытворчасьці Vitaem.by, упрыгожаньні ад брэнду „Прыгожы анёлак“. Канешне, мы прасоўваем прадукцыю вытворцаў зь Берасьцейшчыны. Гэта брэнд „Мой родны кут“ з Маларыты — вышываныя цішоткі, якія робіць Антон Талашка, славутыя берасьцейскія шкарпэткі з арнамэнтамі. А таксама наладзілі супрацоўніцтва і зь віцебскімі вытворцамі — брэндам „Беларуса“, вырабніком вязаных вырабаў з нацыянальнай сымболікай, цацак, сшыткаў, альбомаў для маляваньня з „Пагоняй“ ды іншымі нацыянальна-арыентаванымі малюнкамі».

Асартымэнт віцебскай крамы

Сяргей Байко і Алег Чапараў, якія 1 траўня адчынілі краму «Князь Вітаўт» у Берасьці, кажуць, што вялікім попытам карыстаюцца і цішоткі з «Пагоняй» іхнага ўласнага вырабу.

Алег Чапараў

Віцебск стаў першым горадам, куды «Князь Вітаўт» прыйшоў ужо ў якасьці іншагародняй фірмовай крамы. Хоць ёсьць пляны адчыніць такія самыя і ў іншых гарадах, кажа Алег Чапараў:

«Наша першая крама адчынілася ў Берасьці сёлета 1 траўня. А ў Віцебску ў нас шмат знаёмых, якія таксама абяцалі дапамагчы. Мы разьлічвалі на падтрымку, да ўсяго — даволі часта даводзілася бываць у Віцебску раней. Таму вырашылі распачаць стварэньне сеткі крамаў менавіта адсюль. Спадзяемся, што свае тавары прапануюць на рэалізацыю і мясцовыя майстры, рамесьнікі — каб беларушчына пашыралася».

У адрозьненьне ад Берасьця, дзе крама «Князь Вітаўт» месьціцца ў гандлёвым цэнтры на другім паверсе, віцебскія пакупнікі маюць выразныя перавагі. Да прыкладу, берасьцейскім гандлярам даводзілася заносіць чалавека ў інвалідным вазку на ўласных руках — інакш у краму было ня трапіць. У Віцебску ж — уваход адразу з вуліцы.

Гаспадары крамы Сяргей Байко і Алег Чапараў. Малюнак віцебскага мастака «УРА»

У фае наведнікаў сустракае малюнак на ўсю сьцяну — выява легендарнага князя. Гэта адмысловая фатазона, якую аздобіў віцебскі мастак, вядомы пад псэўданімам «УРА» — дарэчы, аўтар скандальнага графіці «з птушкамі і клеткамі», зьнішчанага з распараджэньня гарадзкіх уладаў.

Дзіцячы куток у краме

Тут жа, у фае, абсталяваны дзіцячы куток — столік з размалёўкамі і цацкамі, дзе малыя могуць бавіцца, пакуль бацькі нешта выбіраюць і набываюць.

Фірмовае печыва — пачастунак для першых наведнікаў

Зрэшты, на адкрыцьці крамы было цікава ў роўнай ступені і малым, і дарослым: першых наведнікаў частавалі фірмовым печывам і вялікім тортам з «Пагоняй», а першым пакупнікам дарылі сувэніры. Пачатак працы быў адзначаны і адмысловай віктарынай па гісторыі Беларусі, падрыхтаванай віцебскім прадстаўніцтвам кампаніі «Будзьма беларусамі». Гаспадары таксама засталіся задаволеныя: жыхары Віцебску ўжо зрабілі першыя пакупкі, і такіх было шмат.

Торт з «Пагоняй»