Індывідуальны прадпрымальнік, бацька пяцёх дзяцей публічна заявіў, што будзе балятавацца на пасаду старшыні Партыі БНФ.
Ільля Дабратвор у інтэрвію "Народнай волі" сказаў, што мае праграму разьвіцьця партыі.
"Я выступаю за канструктыўны дыялёг у тым ліку і з уладай. Бо некаторыя пытаньні, якія тычацца разьвіцьця краіны наша партыя проста не можа вырашыць самастойна.
Я спадзяюся распачаць працэс аб"яднаньня дзьвюх партый, на якія ў свой час раскалоўся БНФ
Таксама я спадзяюся распачаць працэс аб"яднаньня дзьвюх партый, на якія ў свой час раскалоўся БНФ. Я разумею, што гэта будзе няпроста і імгненна гэта зрабіць немагчыма. Гэта доўгі працэс, які вымагае цярпеньня і разуменьня з абодвух бакоў. У бліжэйшы час хачу правесьці перамовы на гэты конт з Зянонам Пазьняком.
На мой погляд, прайшоў час, калі можна было канфліктаваць і раскідвацца актывістамі, выбітнымі асобамі. Трэба іх зьбіраць і аб"ядноўваць. Я хачу, каб у партыю БНФ вярнуліся такія знакавыя асобы як Вінцук Вячорка, Вацлаў Арэшка, Лявон Баршчэўскі й іншыя".
Летась Ільля Дабратвор браў удзел у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў. У акрузе ён заняў другое месца, прычым за яго прагаласавала найбольшая колькасьць выбарнікаў параўнальна зь іншымі апазыцыянэрамі.
Таксама пра свой намер вылучацца на пасаду старшыні Партыі БНФ заявіла Вольга Дамаскіна з Наваполацка.
Цяперашні старшыня партыі Аляксей Янукевіч, паводле партыйнага статута, не мае права абірацца кіраўніком яшчэ на адзін тэрмін запар. Зьезд БНФ пройдзе ў верасьні.