Рэжысэры, якія падпісалі зварот да расейскіх уладаў, заяўляюць пра палітычныя матывы арышту Кірыла Сярэбранікава.
Эўрапейская кінаакадэмія выказала «глыбокую заклапочанасьць» у сувязі са зьняволеньнем пад хатні арышт расейскага рэжысэра Кірыла Сярэбранікава. Больш за два дзесяткі членаў акадэміі падпісалі заклік да расейскіх уладаў «неадкладна вызваліць» Сярэбранікава.
У звароце, апублікаваным на сайце Эўрапейскай кінаакадэміі, Сярэбранікаў названы «адным з найбольш вядомых» тэатральных і кінарэжысэраў. Яго працы былі адзначаны акадэміяй ў 2013 годзе (фільм «Здрада») і ў 2016 (фільм «Вучань»). Работы Кірыла Сярэбранікава ўдзельнічалі ў Канскім і Вэнэцыянскім кінафэстывалях, а таксама ў кінафэстывалі ў Лякарна.
У адкрытым лісьце членаў Эўрапейскай кінаакадэміі адзначаецца, што ёсьць падставы лічыць арышт Сярэбранікава «палітычна матываваным». Расейскі рэжысэр павінен быць вызвалены неадкладна і без папярэдніх умоў і яму павінны быць гарантаваныя свабода перамяшчэньня і свабода творчасьці, гаворыцца ў звароце Эўрапейскай кінаакадэміі.