У Кіеве сьвяткаваньне Дня дзяржаўнага сьцяга і Незалежнасьці адбываецца ва ўмовах беспрэцэдэнтных захадаў бясьпекі. Па пэрымэтры цэнтральнай плошчы — Майдану Незалежнасьці — усталяваныя мэталічныя рамкі, а супрацоўнікі аховы даглядаюць кожнага чалавека і ягоную паклажу.
![Да аховы грамадзкага парадку прыцягнутыя супрацоўнікі Службы бясьпекі, Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.](https://gdb.rferl.org/C2C637C6-AFE2-4B5C-877D-FC6BD02AB8E9_w1080_h608_s.jpg)
Да аховы грамадзкага парадку прыцягнутыя супрацоўнікі Службы бясьпекі, Нацыянальнай паліцыі і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
![Людзі мусяць адстаяць чаргу, каб трапіць ня толькі на Майдан Незалежнасьці, дзе ладзіцца выстава ўзбраеньня, але і ў мэтро.](https://gdb.rferl.org/428964F6-21A3-409D-B9EF-75F2163AD4F4_cx3_cy13_cw97_w1080_h608_s.jpg)
Людзі мусяць адстаяць чаргу, каб трапіць ня толькі на Майдан Незалежнасьці, дзе ладзіцца выстава ўзбраеньня, але і ў мэтро.
Галоўныя мерапрыемствы адбудуцца заўтра. А сёньня на Храшчаціку адкрылі выставу сучаснага ўкраінскага ўзбраеньня і вайсковай тэхнікі «Моц непакорных».
![У цэнтры Кіева прадстаўлена амаль 70 адзінак вайсковай тэхнікі](https://gdb.rferl.org/E6029FE8-3568-4755-9EC2-E583F813ADA3_w1080_h608_s.jpg)
У цэнтры Кіева прадстаўлена амаль 70 адзінак вайсковай тэхнікі
На экспазыцыі прадстаўлена амаль 70 адзінак баявой тэхнікі — самаходныя артылерыйскія ды ракетныя ўстаноўкі, танкі, баявыя машыны пяхоты, бронетранспарцёры, грузавыя і мэдычныя аўтамабілі. Уся гэтая тэхніка знаходзіцца на ўзбраеньні Ўзброеных сілаў, памежных войскаў і Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
Разам з украінскімі новымі распрацоўкамі — танкам «Аплот», браняванай машынай «Дазор-Б» і баявой машынай «Трытон» — на выставе прадстаўленыя паходны аўтамабільны клюб-друкарня, выраблены на шасі МАЗ-531605. Аўтамабіль належыць Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны.
«Дазор-Б» у 2015 годзе выйшаў у абноўленай сэрыі
Мадэль распрацаваная ў 2016 годзе таварыствам з абмежаванай адказнасьцю «УКРЄВРОМАЗ» — прадпрыемства, створанае ў 2011 годзе, ёсьць афіцыйным дылерам Менскага аўтамабільнага заводу па рэалізацыі пасажырскага і грузавога транспарту, а таксама шасі, прычэпаў і аўтакранаў.
Паходны аўтамабільны клюб-друкарня выраблены на шасі МАЗ-531605 у 2016 годзе
Як тлумачыцца на інфармацыйным стэндзе, клюб-друкарня прызначаная «для ажыцьцяўленьня мерапрыемстваў маральна-псыхалягічнага забесьпячэньня асабістага складу ў палявых умовах, выкананьне функцыі мабільнай паходнай друкарні». Вартасьць аднаго такога клюбу-друкарні складае больш як 2,5 мільёны грыўняў — прыкладна 100 тысяч даляраў у эквіваленце. У тым жа 2016 годзе «УКРЄВРОМАЗ» забясьпечыў Нацыянальную гвардыю Ўкраіны яшчэ адным спэцыялізаваным аўтамабілем з тэнтам для перавозкі асабовага складу і маёмасьці, вырабленым таксама на базе МАЗу. Але ў якой колькасьці — невядома.
На шасі МАЗу таксама пабудавана ракетная сыстэма залпавага агню «Сьмерч», распрацаваная яшчэ ў 1987 годзе, і зэнітны ракетны комплекс С-300ПС. Сёньня яны выглядалі як новенькія — сьвежапафарбаваныя і з новымі коламі ад «Белшыны».
Ракетная сыстэма залпавага агню «Сьмерч»
Украінскія вайскоўцы задаволеныя абноўленай тэхнікай. «Машына, на базе якой знаходзіцца зэнітна-ракетны комплекс, вельмі добра сябе паказала на вучэньнях — яна з высокай праходнасьцю, вялікай колавай формай, у рухавіку 525 конскіх сілаў. Адзінае, што габарыты вялікія. Трэба да гэтага прызвычаіцца. А зэнітна-ракетны комплекс таксама вельмі надзейны, верагоднасьць паражэньня цэлі вялікая. Але дай Божа, каб яе не давялося выкарыстоўваць у баявых дзеяньнях», — кажа Уладзімер, які служыць ў зэнітна-ракетных войсках Украіны.
Зэнітны ракетны комплекс С-300ПС
Ахвотныя змогуць азнаёміцца з новымі і мадэрнізаванымі ўзорамі вайсковай тэхнікі да 27 жніўня. Пасьля сьвятаў тэхніка будзе перададзена падразьдзяленьням Узброеных сіл Украіны, якія знаходзяцца у зоне баявых дзеяньняў на Данбасе.