Скрабец зьбіраецца на прэзыдэнцкія выбары 2020 году

Сяргей Скрабец

Бюро аргкамітэту ў справе стварэньня Партыі свабоды вырашыла вылучыць свайго старшыню Сяргея Скрабца кандыдатам на прэзыдэнцкія выбары, якія ў Беларусі маюць адбыцца ў 2020 годзе.

«Мы абмяркоўвалі на бюро ўдзел нашых актывістаў у мясцовых выбарах і таксама разглядалі гэтую кампанію, як частку прэзыдэнцкай, — расказаў Скрабец Свабодзе. — І ўзьнікла пытаньне: каго мы падтрымаем на выбарах кіраўніка дзяржавы? Паколькі пакуль адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў няма, то вырашылі, што рыхтавацца буду я.

Думаю, што праз тры гады Аляксандра Лукашэнкі ўжо ня будзе ў ліку прэтэндэнтаў. Таму гатовы пазмагацца за пасаду з Гайдукевічам, старэйшым ці малодшым».

Сяргей Скрабец паведаміў, што на мясцовых выбарах, якія адбудуцца ў лютым 2018 году, Партыя свабоды ня будзе ганяцца за колькасьцю кандыдатаў. Актывісты будуць вылучацца толькі ў гарадзкія саветы буйных гарадоў. Найперш гэта Менск, Горадня і Берасьце.

Раней Скрабец двойчы спрабаваў удзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі. У 2001 годзе Цэнтральная выбарчая камісія прызнала сапраўднымі толькі 37 тысяч подпісаў на ягоную карысьць пры неабходным мінімуме 100 тысяч. У 2006 годзе Цэнтарвыбаркам адмовіўся зарэгістраваць ягоную ініцыятыўную групу, паколькі на той час палітык знаходзіўся ў турме.