Белы дом заклікаў амэрыканцаў адмовіцца ад праграм Касьперскага

Каардынатар у галіне кібэрнэтычнай бясьпекі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Роб Джойс перасьцярог амэрыканскіх карыстальнікаў ад устаноўкі праграм «Лябараторыі Касьперскага». Пра гэта Джойс заявіў у інтэрвію тэлеканалу CBS News.

Раней улады ЗША выключылі «Лябараторыю Касьперскага» са сьпісаў кампаній, у якіх дазволена купляць праграмнае забесьпячэньне для амэрыканскіх дзяржаўных структур. Такое рашэньне было прынятае пасьля «стараннага расьсьледаваньня» з прычыны засьцярог, што заснаваную ў Расеі кампанію можа кантраляваць Крэмль, і што яна супрацоўнічае са спэцслужбамі.

Цяпер жа Джойс выступіў супраць выкарыстаньня прадуктаў «Лябараторыі Касьперскага» у органах улады штатаў, у прыватным бізнэсе і ў асабістых мэтах. Паводле інфармацыі тэлеканалу, агенты ФБР наладжвае перамовы з прыватнымі кампаніямі з мэтай пераканаць іх адмовіцца ад праграм Касьперскага.

Кіраўнік кампаніі Яўген Касьперскі назваў сьцьвярджэньні пра сувязі кампаніі з Крамлём і спэцслужбамі Расеі галаслоўнымі. Ён ня выключыў, што за імі могуць стаяць бізнэс-інтарэсы канкурэнтаў. Ён таксама неаднаразова прапаноўваў уладам ЗША азнаёміцца з зыходным кодам яго праграм, каб пераканацца ў адсутнасьці шпіёнскіх «закладак» у іх. Акрамя таго, Касьперскі заявіў, што гатовы даць паказаньні ў Кангрэсе.