Аўтар блогу 1863x Эдуард Пальчыс абвясьціў грамадзкую кампанію назіраньня за расейска-беларускімі вучэньнямі «Захад-2017».
Ён заклікае далучыцца да назіраньня ўсіх блогераў, незалежныя СМІ і проста неабыякавых беларусаў, бо, хоць Беларусь, згодна з Канстытуцыяй, нэўтральная краіна, «на практыцы мы бачым спробу ўцягнуць нашу дзяржаву ў чужыя геапалітычныя гульні».
«Афіцыйныя назіральнікі будуць назіраць толькі на запрашэньне Міністэрства абароны — натуральна, яны будуць бачыць проста сам ход вучэньняў, — тлумачыць Пальчыс Свабодзе. — А ўлічваючы, колькі войскаў будзе ў самых розных месцах Беларусі — а будзе шэсьць ці болей палігонаў, — наўрад ці яны змогуць усё пабачыць».
Тым, хто хоча сам апублікаваць сьведчаньні пра вучэньні (фота, відэа, аповеды відавочцаў), Пальчыс прапануе пазначаць публікацыі хэштэгамі #Захад2017, #Запад2017 ці #Zapad2017. Тым жа, хто хоча захаваць ананімнасьць, ён прапануе прысылаць зьвесткі яму на пошту 1863xxxxx@gmail.com, у Telegram ці ў сацсеткі. Вучэньні будуць праводзіцца на палігонах «Лепельскі», «Барысаўскі» і «Лосьвіда» ў Віцебскай вобласьці, «Асіповіцкі», «Ружанскі» і «Даманаўскі» ў Берасьцейскай, а таксама блізу мястэчка Дрэтунь у 30 км ад Полацку.
Як кажа Пальчыс, менш як за дзень да публікацыі закліку да назіраньня яму «пачалі паведамляць, што там лятае авіяцыя, там праводзяцца стрэльбы...».
«Той мэтад, які я прапанаваў выкарыстоўваць, — адзін з самых правераных: проста ўсе сьведчаньні ад насельніцтва, што выкладваюцца ў адкрыты доступ, а журналісты і адмыслоўцы могуць аналізаваць, якая тэхніка і якія войскі прыехалі, а самае важнае — ці зьехалі яны па завяршэньні вучэньняў», — тлумачыць Пальчыс.
Сам Пальчыс не бярэцца казаць, ці ёсьць небясьпека ў вучэньнях «Захад». Можа быць, а можа і ня быць, разважае ён:
«Пытаньне ў тым, што ніхто нічога дакладна ня ведае, ёсьць гэтыя 50 меркаваньняў — да гістэрыкі і панікі, — тлумачыць ён. — Нам якраз трэба інфармацыя, каб разумець, што адбываецца. Калі вучэньні як проста вучэньні, то цудоўна, мы гэта зразумеем. Калі нехта ці нешта застанецца, гэта можна зафіксаваць і далей высьвятляць, што і для чаго. Патрэбна інфармацыя для аналізу, бо заходнія і ўкраінскія экспэрты ці выказваюць недавер, ці панікуюць, а некаторыя мясцовыя экспэрты кажуць, што нічога баяцца ня трэба. Мы гэта ўсё глядзім для сябе».
Дзьмітрыеў сфармаваў камісію для назіраньня за вучэньнямі «Захад-2017» з Алесіным і Паротнікавым
Адзін зь лідэраў «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў падаў у Міністэрства абароны сьпіс грамадзкай камісіі для назіраньня за беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017». Пакуль яму не адказалі згодай ці адмовай, але калі камісіі дазволяць назіраць за вучэньнямі, Дзьмітрыеў кажа, што камісія таксама будзе публікаваць свае зьвесткі пад такімі хэштэгамі.