Намесьнік міністра абароны Польшчы Міхал Дворчык заявіў журналістам пра існаваньне асьцярогі, што Расея ня выведзе войскі зь Беларусі пасьля вучэньняў «Захад-2017» у верасьні.
«Ёсьць шмат сумневаў і боязі, што пасьля вучэньняў» Захад-2017 «можа высьветліцца, што ня ўсе сілы і сродкі будуць выведзеныя Расеяй зь Беларусі», — цытуе Дворчыка РІА Навіны.
Ён адзначыў, што за вучэньнямі «Захад-2017» будуць уважліва назіраць як польскія спэцслужбы, так і спэцслужбы заходніх краінаў.
«У нас няма стоадсоткавай упэўненасьці ў тым, якія сілы будуць выкарыстаныя. Таму што ўжо цяпер ёсьць шмат перадумоў, каб лічыць, што гэта не такія сілы, якія заяўляюць расейцы і беларусы, а большыя», — дадаў намесьнік міністра.
У той жа час Дворчык падкрэсьліў, што жыхары Польшчы могуць адчуваць сябе «абсалютна бясьпечна».
Раней прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык заяўляў, што будуць накіраваныя запрашэньні назіраць за вайсковымі вучэньнямі «Захад-2017» прадстаўнікам замежных краінаў і міжнародных арганізацый. Паводле яго, плянуецца запрасіць вайсковых назіральнікаў з Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швэцыі, Нарвэгіі.
Мірончык адзначыў, што дзяржавы — удзельнікі АБСЭ, у тым ліку Беларусь, не абавязаныя запрашаць назіральнікаў на вучэньні такога маштабу, у якіх задзейнічана менш за 13 тысяч вайскоўцаў.
«У той жа час, кіруючыся прынцыпам празрыстасьці і дзейнічаючы па добрай волі, наша краіна ў ініцыятыўным парадку накіроўвае запрашэньні для ўдзелу ў назіраньні за актыўнай фазай вучэньняў прадстаўнікам міжнародных арганізацый (ААН, АБСЭ, NATO, АДКБ, СНД). Мы запросім і ваенных аташэ замежных краінаў, акрэдытаваных пры амбасадах у Беларусі», — сказаў ён.
Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг 13 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі па выніках пасяджэньня Рады Расея — NATO ў Брусэлі заявіў, што ў вучэньнях прыме ўдзел больш сіл, чым заяўлена афіцыйна.
«Цяпер занадта рана штосьці казаць, таму што вучэньняў яшчэ не было. Мяркуючы па вопыце папярэдніх вучэньняў, у нас ёсьць усе падставы меркаваць, што будзе задзейнічана больш сілаў, чым афіцыйна заяўлена цяпер», — сказаў ён.