У панядзелак, 21 жніўня ў порт Клайпэды прыбыла першая партыя звадкаванага прыроднага газу. У верасьні там чакаюць яшчэ адзін карабель з амэрыканскім газам. Як піша літоўскі Delfi, палітыкі і ўдзельнікі рынку пакуль не прагназуюць, што амэрыканскі газ выцесьніць расейскі.
Але міністар энэргетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас запэўнівае: «з улікам рынкавай сытуацыі і разьвіцьця рынку» можна разьлічваць, што гэта не апошні груз амэрыканскага газу. Міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус жа адзначае, што «стратэгічнае партнэрства ЗША і Літвы мацнее з кожным днём».
Адміністрацыя Дональда Трампа паставіла павелічэньне экспарту звадкаванага газу ў якасьці адной з прыярытэтных эканамічных задач. Штаты пачалі рэгулярныя пастаўкі газу ў Польшчу і Нідэрлянды яшчэ ў чэрвені, газ ужо экспартуецца ў Гішпанію, Партугалію, Італію, Турэччыну і на Мальту. Эўразьвяз падтрымліваў фінансамі пазбаўленьне Літвы ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі — удзельнічаў у фінансаваньні газаправоду між Польшчай і Літвой.
Літоўскі бок сьцьвярджае, што газ з ЗША выходзіць таньнейшым, чым з Расеі, і што пастаўкі вядуцца на камэрцыйнай (а не на ідэалягічнай) аснове, але дакладнай цаны не называе.
Цана расейскага газу, паводле Эўракамісіі, складала для Літвы 180 даляраў за тысячу кубічных мэтраў у першым квартале 2017 году. Расейскія аналітыкі заяўляюць, што амэрыканскі газ для Літвы каштуе 254 даляры за тысячу кубамэтраў.