Такую заяву зрабіў начальнік управы інфармацыі — прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык. Пра гэта паведамляе агенцтва «Интерфакс».
«Са шкадаваньнем ўспрынялі паведамленьне аб тым, што амбасада ЗША ў Расеі спыніла прыём дакумэнтаў на афармленьне візаў для грамадзян Беларусі. Спадзяемся, што, прыняўшы сёньняшняе рашэньне, амэрыканскі бок знойдзе магчымасьць пашырыць працу консульскага аддзелу сваёй амбасады ў Менску», — гаворыцца ў заяве начальніка управы інфармацыі — прэс-сакратара МЗС Дзьмітрыя Мірончыка.
Як падкрэсьліў Мірончык, прадстаўленьне грамадзянам Беларусі магчымасьці афармляць візы ў ЗША бяз выезду ў сумежныя краіны садзейнічала б пашырэньню міжасабовых кантактаў, а таксама разьвіцьцю супрацоўніцтва паміж ЗША і Беларусьсю.
«Вельмі сумна, што адносіны паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Злучанымі Штатамі працягваюць ўскладняцца і гэта ўжо нэгатыўна адбіваецца непасрэдна на простых беларусах. Кіруючыся, у першую чаргу, інтарэсамі Беларусі і яе грамадзян, выказваем надзею на хуткую нармалізацыю расейска-амэрыканскіх адносін, якая, мы ўпэўненыя, пазытыўна адбілася б на сытуацыі ў сьвеце ў цэлым», — адзначыў прэс-сакратар.
Пасольства ЗША аб’явіла ў панядзелак аб рашэньні з 23 жніўня прыпыніць выдачу віз расейцам, а з 1 верасьня — рабіць гэтую працэдуру ў вельмі скарочаным выглядзе ў сувязі з патрабаваньнем Расеі аб скарачэньні пэрсаналу амэрыканскіх замежных устаноў у РФ.
Акрамя таго, амбасада ЗША ў Маскве і кансулят у Санкт-Пецярбургу адменяць прыём заяў ад грамадзян Беларусі на атрыманьне амэрыканскіх віз.