Выканаўца тэракту ў Барсэлёне забіты

Міністар унутраных справаў Гішпаніі Хуан Ігнасіё Сойда паказвае фатаздымак Юнэса Абуяакуба, падазраванага ва ўчыненьні тэракту

Як паведамляе La Vanguardia, Юнэс Абуяакуб, які пратараніў аўтафургонам натоўп у Барсэлёне, сёньня быў забіты пры затрыманьні.

Абуяакубу было 22 гады, ён выхадзец з Марока. Ноччу паліцыя абшукала ягоны дом у горадзе Рыпой у Каталёніі.

Раней стала вядома, што ў прыгарадзе Барсэлёны паліцыянты застрэлілі чалавека, на якім меркавана быў пояс сьмяротніка. Пазьней інфармацыю аб дачыненьні забітага да тэрактаў і яго імя пацьвердзілі ў паліцыі.

Сёньня ж стала вядома, што колькасць ахвяраў тэракту ў Барсэлёне дасягнула 15 чалавек.

17 жніўня аўтафургон урэзаўся ў натоўп у Барсэлёне на знакамітым бульвары Ляс-Рамбляс, у выніку чаго загінула 13 чалавек і яшчэ дзясяткі былі параненыя. Каталёнская паліцыя абвясьціла пошук 22-гадовага Юнэса Абуяакуба, ня пацьвярджаючы пры гэтым паведамленьня гішпанскіх СМІ пра тое, што ён кіраваў фургонам і зьбег. Але паліцыя пацьвердзіла гэта сёньня раніцай.

У выніку аналягічнага нападу ў курортным горадзе Камбрыльс загінула жанчына і шэсьць чалавек атрымалі раненьні, калі раніцай 18 жніўня машына ўрэзалася ў мінакоў, а паліцэйскія застрэлілі пяцёх нападнікаў, на якіх былі надзетыя паясы сьмяротнікаў і ў якіх у аўтамабілі былі нажы і сякеры. Трое з тых, хто нападаў, былі грамадзянамі Марока.

54 чалавекі, якія атрымалі раненьні ў выніку нападаў ў Барсэлёне і Камбрыльсе, знаходзіцца ў шпіталях. З пацярпелых у Барсэлёне 12 чалавек у крытычным стане.

Паліцыя таксама выявіла трох іншых падазраваных, зьвязаных з нападамі. Два зь іх, як лічыцца, загінулі ў выніку выбуху 16 жніўня, калі спрабавалі вырабіць выбухоўку ў доме ў Альканары, за 200 км на поўдзень ад Барсэлёны.