Пра гэтыя спосабы паляпшэньня здароўя мозгу на сайце sharecare.com па выніках гутаркі з прафэсарам-нэўролягам Іфтэхарам Ахмэдам з Канзас-сіты (ЗША) піша Роўз Гаез.
Калі вы ўжо выйшлі на пэнсію і маеце намер больш уважліва клапаціцца пра стан свайго здароўя — гэтыя парады якраз для вас. Зь іншага боку, калі вы яшчэ актыўна працуеце — то парады гэтыя выканаць ня так і цяжка.
Кантралюйце стан халестэрыну ў крыві
Падтрыманьне ўзроўню халестэрыну ў крыві ў нармальным дыяпазоне — гэта значыць, ня надта высокім і ня надта нізкім — дапаможа прадухіліць старэчую прыдуркаватасьць у сталым узросьце.
Сёньня лекары кажуць, што пэўная колькасьць халестэрыну вельмі патрэбная для клетак мозгу. Калі ўзровень халестэрыну падае занадта нізка, могуць пачаць ламацца клетачныя мэмбраны.
Высокі ўзровень халестэрыну небясьпечны перакрыцьцём дробных судзінаў і перашкодай для паступленьня кіслароду да клетак. Гэта прыводзіць да пашкоджаньня мозгу і нэўралягічных праблемаў.
Таму важна рэгулярна кантраляваць узровень халестэрыну, каб у выпадку адхіленьня ад нормы можна было зрабціь своечасовыя захады.
Бярыце шклянку чырвонага віна ў дзень
Некаторыя дасьледаваньні паказваюць, што памяркоўнае спажываньне алькаголю падтрымлівае здароўе сэрца. Сёньняшняя мэдыцына ведае, што здароўе сэрца і здароўе мозгу вымагаюць ад людзей аднолькавага тыпу паводзінаў. З гэтага вынікае, што каля вы возьмеце келіх чырвонага віна зь сябрамі раз на дзень — вы паспрыяеце здароўю ня толькі сэрца, але і мозгу.
Сёньня лекары рэкамэндуюць адну порцыю алькаголю (келіх чырвонага вінва) для жанчын, і дзьве порцыі — для мужчын, як карысную і бясшкодную норму. Гэта дапамагае зьнізіць узровень халестэрыну, зьнізіць рызыку сардэчнага прыступу і зьмяншае шанцы памерці ад сардэчнага захворваньня.
Галоўнае не злоўжываць, каб не пашкодзіць печань і ня выклікаць хранічную залежнасьць ад алькаголю.
Выходзьце кожны дзень на 30-хвілінны шпацыр
Хадзьба мае шэраг пераваг для здароўя, у тым ліку і для здароўя мозгу. Яна паляпшае рухомасьць, зьніжае артэрыяльны ціск і частату сардэчных скарачэньняў, павялічвае кровазварот і абараняе ад пашкоджаньня артэрыі. Гэта выгады ад хадзьбы для сэрца.
Але хада таксама падтрымлівае ў здаровым стане ваш мозг, бо яны актывуе нэйрахімічныя працэсы, у прыватансьці выпрацоўку дапаміну і адрэналіну. Наш мозг мае патрэбу ў гэтых хімічных рэчывах, каб функцыянаваць і выклікаць ўспаміны.
Яшчэ больш карысьці ад шпацыраў вы атрымаеце, калі запросіце з сабой сябра ці пойдзеце са сваім сабакам. Моцныя сацыяльныя сувязі могуць зьнізіць рызыку разьвіцьця дэпрэсіі і трывогі, павышаюць вашу упэўненасьць і здольнасьць да навучаньня і засваеньня новай інфармацыі.
Больш чытайце
Калі вы не выкарыстоўваеце кагнітыўную (пазнавальную) функцыю мозгу, вы можаце яе страціць. Бесьперапынная адукацыя ў любым узросьце можа абараніць ад старэчай прыдуркаватасьці і нават запаволіць яе наступствы.
Адна група дасьледчыкаў выявіла, што пажылыя людзі, якія рэгулярна чыталі, наведвалі бібліятэкі і пастаянна пісалі лісты, былі менш схільныя да зьменаў у мозгу, зьвязаных з хваробай Альцгаймэра.
Прафэсар Ахмэд рэкамэндуе чытаць кожны дзень, запісваць свае ўражаньні ад прачытанага ў дзёньнік і пісаць лісты сябрам. Калі ж вы будзеце абмяркоўваць прачытанае зь сябрамі падчас рэгулярных сустрэч — яшчэ лепш, гэта так сама карысна, як і фізычныя заняткі ў калектыве.