Міністэрства замежных спраў Беларусі паведаміла ў сваім Tвітэры пра пачатак перамоваў паміж памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым і спэцпрадстаўніком ЗША па Ўкраіне Куртам Волкерам. Удакладняецца, што «сустрэча праходзіць у гэтыя хвіліны».
«Памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзіслаў Суркоў і спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне Курт Волкер сустракаюцца ў Менску ў закрытым для СМІ рэжыме», — напісана ў паведамленьні.
Раней прадстаўнік МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык пацьвердзіў Свабодзе факт сустрэчы Волкера і Суркова ў панядзелак у беларускай сталіцы.
18 жніўня Дзярждэпартамент ЗША распаўсюдзіў заяву, што спэцпрадстаўнік ЗША па Ўкраіне выправіцца 21 жніўня ў Беларусь, дзе абмяркуе расейска-ўкраінскія дачыненьні і ўрэгуляваньне збройнага канфлікту на Данбасе.
Пасьля гэтага Волкер наведае Вільню для абмеркаваньня ўкраінскага пытаньня з урадам Літвы, а 23 жніўня вернецца ва Ўкраіну.