Гэтую інфармацыю Радыё Свабода пацьвердзіў прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык:
«Магу пацьвердзіць, што сустрэча рыхтуецца і адбудзецца сёньня. Але яна будзе праходзіць у закрытым для прэсы рэжыме».
Спадар Мірончык адзначыў, што гэтая сустрэча пачнецца пазьней і ня выключыў, што МЗС Беларусі можа паведаміць пра яе пачатак.
Як чакаецца, сустрэча павінна пачацца ў другой палове дня, паведамілі ў пасольстве ЗША ў Менску, там таксама пазьней не выключаюць дадатковай інфармацыі, але на гэты момант толькі пацьвярджаюць, што Курт Волкер мае прыбыць у Менск сёньня.
Новы спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па Ўкраіне Курт Волкер разам з памочнікам Уладзіміра Пуціна Уладзіславам Сурковым павінен абмеркаваць расейска-ўкраінскія дачыненьні і ўрэгуляваньне ўзброенага канфлікту на Данбасе.
Пасьля гэтага Волкер наведае Вільню для абмеркаваньня ўкраінскага пытаньня з урадам Літвы, а пазьней, 23 жніўня, вернецца ва Ўкраіну.