Абавязак перад нацыяй для каралевы стаіць на першым месцы, піша Sunday Times. Са спасылкай на свае крыніцы, блізкія да каралеўскага двара, нядзельная газэта абвяргае чуткі пра тое, што каралева, якой у красавіку споўніўся 91 год, плянуе сысьці ад спраў і перадаць кіраваньне свайму старэйшаму сыну прынцу Чарльзу.
«Як паведамілі Sunday Times тры розныя высокапастаўленыя крыніцы, ні Букінгемскі палац, ні Кларэнс-хаус [афіцыйная рэзыдэнцыя прынца Чарльза] ня маюць плянаў у дачыненьні да рэгенцтва», — піша газета.
Афіцыйныя асобы ў Букінгемскім палацы нагадалі Sunday Times пра абяцаньне, якое дала каралева народу ў свой 21-ы дзень нараджэньня: «Я абвяшчаю ... што ўсё маё жыцьцё, ці апынецца яно доўгім або кароткім, будзе прысьвечана служэньню вам».
Паводле Акту аб рэгенцтве 1937 года, манарх можа перадаць уладу свайму законнаму спадкаемцу ў выпадку сваёй непрацаздольнасьці па хваробе, што будзе пісьмова пацьверджана трыма ці больш даверанымі асобамі каралевы, старшынём палаты лордаў, сьпікерам палаты абшчын і кіраўніком дзяржаўных архіваў.
Апошні раз рэгенцтва ў Брытаніі існавала ў пэрыяд з 1811 па 1820 гады, калі ў выніку душэўнай хваробы кароль Георг III ня змог кіраваць краінай, і ўлада перайшла яго старэйшаму сыну Георгу, прызначанаму прынцам-рэгентам. Пазьней ён стаў каралём Георгам IV.