Актывіста затрымалі 18 жніўня на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы аб выкладаньні Паўлінковічам у інтэрнэт відэароліку парнаграфічнага зьместу.
Пра ператрус у кватэры, уладальнікам якой ёсьць бацька актывіста Аляксандар Паўлінковіч, родным не паведамлялі. Сказалі толькі пра затрыманьне Станіслава.
Сёньня Паўлінковіч-старэйшы наведаўся ў кватэру і ўбачыў у ёй вэрхал. Выклікаў міліцыю, якая і паведаміла яму пра адбыты ператрус. На ягоную думку, тыя, хто яго праводзіў, парушылі закон, бо без прысутнасьці гаспадара ня меліся брацца за ператрус.
Па словах Аляксандра, з кватэры зьнік ягоны ноўтбук, які ён даў сыну, каб той пачысьціў ад вірусаў.
«Перасьлед сына зьвязаны з апазыцыйнай дзейнасьцю, таму і прыдумалі крымінальную справу супраць яго. Пра вобшук нас не інфармавалі. Ён незаконны, бо я як уладальнік кватэры мусіў прысутнічаць. Міліцыянт, які прыйшоў агледзець кватэру, пацьвердзіў, што быў менавіта вобшук. Склаў пратакол і абяцаў даць адказ пісьмова па выніках праверкі», — адзначыў Аляксандар Паўлінковіч
Трое содняў, на якія затрымалі Станіслава, сканчаюцца ў панядзелак, 21 жніўня. Яму павінны выставіць абвінавачваньне альбо вызваліць.