Улады Гішпаніі заявілі, што групоўка, якая арганізавала і выканала тэракты, зьняшкоджаная

На месцы тэракту ў Барсэлёне.

Пра гэта заявіў міністар унутраных спраў Хуан Ігнасіё Сойда. Ён паведаміў, што МУС вырашыла не павышаць узровень тэрарыстычнай пагрозы да максымальнага, таму што наўпроставай небясьпекі новых нападаў ужо няма.

Аднак улады Гішпаніі працягваюць пошук грамадзяніна Марока, які лічыцца адным зь вінаватых у падвойным тэракце ў Барсэлёне і Камбрыльсе.

17 жніўня мікрааўтобус урэзаўся ў натоўп у Барсэлёне на знакамітым бульвары Ляс-Рамбляс, у выніку чаго загінула 13 чалавек і яшчэ дзясяткі былі параненыя. Паліцыя заявіла, што шукае 22-гадовага Юнэса Абуякуба, ня пацьвярджаючы пры гэтым паведамленьня гішпанскіх СМІ пра тое, што ён кіраваў фургонам і зьбег.

У выніку аналягічнага нападу ў курортным горадзе Камбрыльс загінула жанчына і шэсьць чалавек атрымалі раненьні, калі раніцай 18 жніўня машына ўрэзалася ў мінакоў, а паліцэйскія застрэлілі пяцёх нападнікаў, на якіх былі надзетыя паясы сьмяротнікаў і ў якіх у аўтамабілі былі нажы і сякеры. Трое з тых, хто нападаў, былі грамадзянамі Марока.

54 чалавекі, якія атрымалі раненьні ў выніку нападаў ў Барсэлёне і Камбрыльсе, знаходзіцца ў шпіталях. З пацярпелых у Барсэлёне 12 чалавек у крытычным стане.

Паліцыя таксама выявіла трох іншых падазраваных, зьвязаных з нападамі. Два зь іх, як лічыцца, загінулі ў выніку выбуху 16 жніўня, калі спрабавалі вырабіць выбухоўку ў доме ў Альканары, за 200 км на поўдзень ад Барсэлёны.