Спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША па Ўкраіне Курт Волкер 21 жніўня сустрэнецца з прадстаўніком расейскага ўраду, каб абмеркаваць расейска-ўкраінскія адносіны, паведамляе УНІАН. Паводле паведамленьня, сустрэча адбудзецца ў Менску.
Пра гэта паведамілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.
Пасьля гэтага Волкер наведае Вільню для абмеркаваньня ўкраінскага пытаньня з урадам Літвы. 23 жніўня Волкер вернецца ва Ўкраіну, каб далучыцца да мерапрыемстваў з удзелам міністра абароны ЗША Джэймса Мэтыса, які прыбудзе ў Кіеў 24 жніўня, і для абмеркаваньня далейшых крокаў для аднаўленьня сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.
Тым часам 23 жніўня ў Менску адбудзецца чарговае пасяджэньне Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе, на якім адным адным з пытаньняў можа стаць тэма замірэньня перад 1 верасьня.
***
Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан 7 ліпеня прызначыў былога амбасадара ЗША ў NATO Курта Волкера спэцыяльным прадстаўніком, які курыруе вядзеньне перамоваў па сытуацыі ва Ўкраіне. 23-24 ліпеня Ўолкэр пабываў ва Ўкраіне, у прыватнасьці, наведаў Аўдееўку і Краматорск, дзе заявіў, што на Данбасе не замарожаны канфлікт, а «гарачая вайна».