У Менску адкрылася выстава пра беларускіх афіцэраў 1-га Польскага корпусу

Пра Першы польскі корпус, што быў утвораны ў 1917 годзе ў Расейскай імпэрыі з жыхароў Паўночна-Заходняга краю , у Беларусі няма ні кніг, ні абароненых дысэртацыяў. У студзені 1918-га корпус заняў Бабруйскую крэпасьць у баях з Чырвонай гвардыяй.

Гісторыя корпусу была кароткай — у траўні 1918 году корпус быў абяззброены немцамі, салдаты зьехалі ў Варшаву. Але вайскоўцы корпусу выканалі там важную ролю ў заваяваньні незалежнасьці Польшчы. Некаторыя пасьля ваявалі і ў Другой усясьветнай вайне. Пра гісторыю корпусу на адкрыцьці выставы распавядаў амбасадар Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік.

Адным з афіцэраў корпусу ў Бабруйскай крэпасьці быў камандзер інжынэрных частак корпусу Ян Скарына — «нашчадак Францішка Скарыны», як падкрэсьліваў ягоны сын у размове з адным з аўтараў выставы, беларускім гісторыкам Ігарам Мельнікавым. Са Скарынам служыў будучы кіраўнік вялікапольскага паўстаньня Юзэф Доўбар-Мусьніцкі. На выставе дэманструюць у тым ліку здымак Доўбара-Мусьніцкага, які ён падарыў Яну Скарыну.

Выстава распавядае і пра Ўладзіслава Андэрса, які пазьней камандаваў Польскім войскам у СССР, і пра Канстантына Плісоўскага, які змагаўся з нацыстамі і камандаваў абаронай Берасьцейскай крэпасьці ў верасьні 1939 году, і пра Бабруйскую крэпасьць, якая сёньня ў заняпадзе, але якую называюць «унікальным аб’ектам у сэнсе культуры, гісторыі і турызму».

Упершыню ў Беларусі паказаная форма афіцэра і звычайнага жаўнера Першага Польскага корпусу — яе адмыслова для выставы падрыхтаваў Мельнікаў. Гісторык сабраў нямала зьвестак пра беларусаў у замежных вайсковых фармаваньнях і напісаў пра іх шэраг кніг, а таксама выдаў «Адысэю Палешука» — кнігу, складзеную з нататак беларускага жаўнера Другога польскага корпусу Арміі Андэрса Паўла Нічыпарука.

На фота зьлева аўтарка праекту Эльжбета Інеўска, справа Конрад Паўлік, прамаўляе Ігар Мельнікаў.

Як і на выставе «Беларусы ў Войску Польскім», што Мельнікаў ладзіў тут жа год таму, ня ўсім ахвочым хапіла месцы ў пакоі ў часе адкрыцьця. Арганізатары выставы выказвалі спадзяваньне, што гэта толькі пачатак як вывучэньня тэмы беларусаў у Першым польскім корпусе, так і дасьледаваньня малавядомых старонак міжваеннай гісторыі Беларусі.