Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі асуджаны судом Партызанскага раёну Менску на 8 гадоў пазбаўленьня волі па ч. 3 арт. 167 КК Рэспублікі Беларусь.
Падчас сьледзтва выяўлена, што лекар учыняў гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да малалетніх пацыентаў. Ён працаваў з анкалягічнымі хворымі і неаднаразова суправаджаў іх у аздараўляльныя паездкі ў Італію і Нямеччыну. Злачынствы таксама зьдзяйсьняліся і ў Беларусі.
Паводле экспэртаў Галоўнага ўпраўленьня па наркакантролі і супрацьдзеяньні гандлю людзьмі МУС Беларусі, ад 2012 да 2015 гадоў ахвярамі дамагальніцтва пэдафіла сталі восем хлопчыкаў.
Удакладняецца, што паводзіны мужчыны ня мелі акрэсьленага сэксуальна-гвалтоўнага характару, аднак лекар «падаўляў волю дзяцей», карыстаючыся іх бездапаможнасьцю з улікам псыхічнага разьвіцьця.