«Культурная вайна з эканамічным вымярэньнем». Чаму зносяць помнікі канфэдэратам у ЗША

Знос помніка генэралу Робэрту Лі ў Балтымары 16 жніўня 2017 году.

Інтэрвію з Джэем Толсанам (Jay Tolson), супрацоўнікам Інстытуту вывучэньня культуры Вірджынскага ўнівэрсытэту, рэдактарам навуковага часопісу «The Hedgehog Review».

РС: Спадар Толсан, Грамадзянская вайна ў ЗША закончылася больш чым 150 гадоў таму. Ці вы маглі б патлумачыць, чаму ў краіне так многа статуй салдатам і камандзірам канфэдэратаў, і чаму яны апынуліся ў цэнтры ўвагі якраз цяпер?

помнікі ставілі ад 1880-х ажно да канца 1950-х гадоў

Джэй Толсан: Помнікі ўдзельнікам Грамадзянскай вайны былі пастаўленыя не адразу пасьля Грамадзянскай вайны, але пасьля пэрыяду, які называўся Рэканструкцыяй (Reconstruction, 1865–1877). Гэта была спроба пераарганізаваць паўднёвыя штаты і зрабіць зь іх паўнапраўных удзельнікаў Злучнасьці, каб яны прынялі новыя ўмовы, уключна з роўнымі правамі для нядаўна вызваленых рабоў. Многія чыноўнікі, адказныя за гэтую Рэканструкцыю, паходзілі з паўночных штатаў і анекаторыя нават былі адстаўнымі вайскоўцамі.

Пасьля таго, як Рэканструкцыя закончылася ў 1877 годзе, шмат хто пачаў рабіць высілкі, каб загаіць ваенныя раны. Шмат палітыкаў, асабліва дэмакратаў, якія былі вельмі моцныя на Поўдні, працягнулі рукі дэмакратам з Поўначы, і гэтыя ўзаемныя жэсты ўключалі таксама стаўленьне помнікаў канфэдэратам. Такія помнікі ставілі ад 1880-х ажно да канца 1950-х гадоў, то бок у гэтак званым пэрыядзе «Джыма Кроў» (Jim Crow), калі існавала расавая сэгрэгацыя і дзейнічалі законы, якія абмяжоўвалі правы чарнаскурых людзей. Тут было такое супадзеньне: памкненьне загаіць ваенныя раны з паўторным замацаваньнем некаторых праяваў расавай няроўнасьці. Так што помнікі канфэдэратам зьяўляюцца часткай тых абставінаў, якія існавалі ў пэрыядзе «Джыма Кроў», і моцна асацыююцца зь ім.

гэта патрабаваньне перагляду таго, як мы памятаем Грамадзянскую вайну

Чаму мы назіраем гэтае змаганьне цяпер? Здавалася б, грамадзянскі рух за роўныя правы ў 1950-х і 1960-х закрыў гэтае пытаньне. Да нейкай ступені так і было. Тое, што мы бачым цяпер, гэта патрабаваньне — з боку шэрагу групаў грамадзтва, у асноўным афраамэрыканцаў, але ня толькі іх — перагляду таго, як мы памятаем Грамадзянскую вайну. Памяць і гісторыя — гэта не адно і тое самае. Як сказаў газеце The New York Times выканаўчы дырэктар Амэрыканскай асацыяцыі гісторыкаў Джэймс Гросман, «зносячы помнікі, вы не мяняеце гісторыю. Вы мяняеце толькі тое, як вы памятаеце гісторыю». Так што гэтая культурная вайна, якую мы назіраем цяпер у нашым грамадзтве, пачалася не ў мінулыя выходныя ў Шарлотсвілі. Яна ідзе гадамі. Яна пра тое, як мы памятаем пра Грамадзянскую вайну і яе спадчыну.

РС: А як ЗША памятаюць пра гэтую вайну?

Джэй Толсан: Па-рознаму, у залежнасьці ад таго, хто вы і адкуль паходзіце.

яны помняць Грамадзянскую вайну як змаганьне за вызваленьне з аковаў рабства

Некаторыя могуць казаць, што людзі з Поўдня — ды ня толькі з Поўдня, а наогул белыя нацыяналісты, як іх часам называюць — проста абураныя зносам гэтых помнікаў і спрабуюць захаваць свае традыцыі і спадчыну. Яны могуць казаць, што Грамадзянская вайна была жахлівай справай, але ж ня ўсе людзі з Поўдня ваявалі за захаваньне рабства, яны ваявалі за правы свайго штату, за Канфэдэрацыю.

Навукоўцы наогул супраціўляюцца такога роду апраўданьню, таму што правы штату ў асноўным азначалі захаваньне рабства, ня толькі ў штатах Поўдня, але і ў новых штатах на Захадзе. Так што з пункту гледжаньня гісторыка гэта такі малы выкрут. Тым ня менш, ёсьць шмат людзей, нярэдка людзей добрай волі, якія лічаць, што ўдзельнікі Грамадзянскай вайны з паўднёвых штатаў, героі Канфэдэрацыі, калі хочаце, — яны заслугоўваюць памяці і мэмарыялаў як героі.

Гэты погляд, зразумела, аспрэчваецца афраамэрыканцамі як з Поўдня, так і Поўначы, і зь іншых частак краіны. Яны помняць Грамадзянскую вайну як змаганьне за вызваленьне з аковаў рабства. Я б сказаў, што сёньня гэты погляд падзяляе большая частка амэрыканцаў. Безумоўна, часам, калі мы чуем, як наш прэзыдэнт выказваецца пра гэта ў блытаны і ня вельмі выразны спосаб, можна задумацца, які погляд на гэтае пытаньне мае большасьць у Амэрыцы.

РС: Цяперашні канфлікт на расавай глебе ў ЗША мацнейшы за той папярэдні, якія трываў шмат гадоў, ці, можа, СМІ скажаюць карціну?

белыя амэрыканцы сьцьвярджаюць, што эканамічны ўмовы іхнага жыцьця пагаршаюцца

Джэй Толсан: Я ня думаю, што гэты канфлікт мацнейшы, калі мець на ўвазе ўсіх амэрыканцаў. Але ёсьць людзі, якія асацыююць сябе з поглядамі белых расістаў і нэанацыстаў, і яны кажуць, што расавае пытаньне выкарыстоўваецца афраамэрыканцамі і іншымі меншасьцямі, каб прасоўваць іх уласныя інтарэсы. І яны, белыя амэрыканцы, сьцьвярджаюць, што эканамічны ўмовы іхнага жыцьця пагаршаюцца і што да іхнай культуры — уключна з сымбалямі і знакавымі постацямі Канфэдэрацыі — ставяцца зь непавагай.

Так што тут мы маем дачыненьне з культурнай вайной, якая мае таксама вымярэньні эканамічнай і клясавай вайны. Я кажу не пра тую клясавую вайну, якую меў на ўвазе Маркс, а пра клясавую вайну, моцна афарбаваную культурным вымярэньнем.

РС: Ці прэзыдэнцтва Барака Абамы не было знакам таго, што Амэрыка насамрэч пераадолела свае расавыя падзелы?

Джэй Толсан: Я ня думаю, што сам прэзыдэнт Абама глядзеў на гэтае пытаньне ў такі спосаб. Не, выбар Абамы не пакончыў з расізмам у грамадзтве, расізм усё яшчэ зьяўляецца сілай у грамадзтве, у кожным грамадзтве. Часам ён датычыць колеру скуры, часам рэлігіі і этнічнага паходжаньня. На мой погляд, тое, што адбываецца ў ЗША цяпер, сьведчыць якраз пра вышэйшую інтэнсіўнасьць эмоцый і, больш таго, дзеяньняў, зьвязаных з расавым пытаньнем.