24 жніўня асобнымі «каробкамі» па Крашчаціку ў Кіеве пройдуць вайскоўцы Ўзброеных сілаў і Нацыянальнай гвардыі, а таксама памежнікі, супрацоўнікі Службы бясьпекі Ўкраіны і паліцыі.
Упершыню ва ўкраінскім парадзе возьмуць удзел 10 замежных вайсковых падразьдзяленьняў, 9 зь якіх прадставяць краіны NATO і адно — Грузію.
«На наша запрашэньне прыбудуць 11 кіраўнікоў абаронных ведамстваў, якія разам з украінцамі будуць сьвяткаваць 26-годзьдзе Незалежнасьці Ўкраіны», — паведаміў журналістам міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак.
Паводле яго, вайсковай тэхнікі на парадзе ня будзе. У той жа час у цэнтры сталіцы будзе арганізаваная выстаўка новага ўзбраеньня, на якой будуць прадстаўленыя сыстэмы залпавага агню, бронемашыны, а таксама сродкі выведкі.
«Будзе амаль 70 адзінак новага ўзбраеньня — і тыя, што мадэрнізаваныя, і тыя, што практычна створаныя з нуля», — дадаў міністар.
Упершыню ў падрыхтоўцы параду бяруць удзел і гісторыкі — яны адказваюць за назвы, якія падчас параду будуць прысвоеныя вайсковым часткам. Ужо абвешчана, што ва Ўзброеных сілах Украіны зьявяцца брыгады імя караля Данііла, «Чорных запарожцаў», Івана Выгоўскага і Яўгена Канавальца — асобаў, у дачыненьні да якіх дзейнічала гістарычнае «табу» і якія адзначыліся ў супрацьстаяньні расейскай агрэсіі ў розныя гістарычныя пэрыяды.
Гістарычныя элемэнты будуць адноўленыя і на вайсковай форме. На працягу апошніх двух гадоў войскі Ўкраіны паступова пераходзяць на новую вайсковую форму. Сёлета ў «абноўцы» на парад выйдуць ганаровая варта і прэзыдэнцкі полк — адзін з варыянтаў іх цырыманіяльнай уніформы заснаваны на элемэнтах адзеньня сердзюкоў гетмана Скарападзкага. Увогуле ж пры распрацоўцы ўзораў вайсковай формы ўлічваюцца традыцыі войскаў Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, казацкіх войскаў розных пэрыядаў, а таксама арміі Ўкраінскай Народнай Рэспублікі.