Паліцыянты, якія расьсьледуюць тэрарыстычны напад у Барсэлёне, адкрылі агонь і застрэлілі пяць чалавек падчас апэрацыі па выяўленьні арганізатараў і ўдзельнікаў тэракту ў сталіцы Каталёніі, паведамілі ў пятніцу раніцай прадстаўнікі рэгіянальнай паліцэйскай управы Каталёніі.
Апэрацыя праводзілася ў курортным горадзе Камбрыльс у 100 кілямэтрах на поўдзень ад Барсэлёны. Паводле мясцовага тэлеканалу, паліцыянты забілі чатырох і паранілі аднаго падазраванага, якія рыхтаваліся правесьці тэрарыстычную атаку ў Камбрыльсе празь некалькі гадзін пасьля нападу ў Барсэлёне.
Паліцыя заклікала гараджан і адпачывальнікаў заставацца ў дамах, не выходзіць на вуліцы.
Гішпанская паліцыя падазрае, што атака ў Барсэлёне была толькі адным з некалькіх плянаваных тэрактаў. Яна праводзіць маштабную антытэрарыстычную апэрацыю, адной з мэтаў якой зьяўляецца арышт кіроўцы, што знаходзіўся за рулём мінівэна, які ўрэзаўся ў мінакоў на цэнтральным бульвары Барсэлёны Ла Рамбла.
Ахвярамі наезду на людзей у цэнтры Барсэлёны 17 жніўня сталі 13 чалавек. Пацярпелі ня менш за 50 чалавек, некаторыя зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане.
Паліцыя затрымала аднаго з падазраваных у наезьдзе машыны на натоўп на бульвары Рамбла. Ягоны мінівэн быў знойдзены адразу пасьля нападу. Паліцыя знайшла яшчэ адзін аўтамабіль, які, мяркуючы па ўсім, мае дачыненьне да гэтага тэракту. Выбухоўкі ў ім не было.
Адказнасьць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава».
Your browser doesn’t support HTML5
Раён вакол плошчы Каталёніі ачэплены. Закрытае мэтро, прыпынены рух наземнага грамадзкага транспарту. Паліцыя эвакуюе сотні людзей, якія схаваліся ад нападу ў офісах і гандлёвых цэнтрах, зачыненых пасьля здарэньня ў цэнтры Барсэлёны.
Амбасада Беларусі ў Гішпаніі ўдакладняе, ці ёсьць сярод загінулых і пацярпелых у Барсэлёне грамадзяне Беларусі. МЗС рэкамэндуе грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Барсэлёне, выйсьці на сувязь са сваякамі. Тэлефон гарачай лініі, адкрытай уладамі Гішпаніі: + 34 902400012.
«Выказваю глыбокія спачуваньні сем’ям і блізкім загінулых, [прэм’ер-міністру Гішпаніі] Марыяна Рахою і грамадзянам Гішпаніі. Мае думкі з жыхарамі Барсэлёны. Нас ніколі не запалохае гэтае барбарства», — напісаў у «Твітэры» кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго краіна асуджае тэракт у Барсэлёне і прапанаваў аказаць Гішпаніі любую дапамогу.
Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй адзначыла, што Вялікабрытанія стаіць поруч з Гішпаніяй у барацьбе супраць тэрору.
Цягам апошняга часу тэрарысты некалькі разоў уяжджалі на аўтамабілях у месцы масавага збору людзей – у сэрыі такіх тэрактаў у Эўропе загінулі больш за 100 чалавек, у тым ліку ў Ніцы, Бэрліне, Лёндане і Стакгольме.