Адзін з удзельнікаў наезду на людзей у Барсэлёне забіты ў перастрэлцы з паліцыяй

Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на газэту La Vanguardia.

Чалец ураду Каталёніі пацьвердзіў, што ахвярамі наезду на людзей у цэнтры Барсэлёны 17 жніўня сталі 13 чалавек. Пацярпелі ня менш за 50 чалавек, некаторыя зь іх знаходзяцца ў цяжкім стане.

Паліцыя ўжо затрымала аднаго з падазраваных у наезьдзе машыны на натоўп на бульвары Рамбла. Ягоны мінівэн быў знойдзены адразу пасьля нападу. Паліцыя знайшла яшчэ адзін аўтамабіль, які, мяркуючы па ўсім, мае дачыненьне да гэтага тэракту. Выбухоўкі ў ім не было.

Адказнасьць за тэракт узяла на сябе «Ісламская дзяржава».

Your browser doesn’t support HTML5

Фургон пратараніў натоўп у Барсэлёне. Відэа

Раён вакол плошчы Каталёніі ачэплены. Закрытае мэтро, прыпынены рух наземнага грамадзкага транспарту. Паліцыя эвакуюе сотні людзей, якія схаваліся ад нападу ў офісах і гандлёвых цэнтрах, зачыненых пасьля здарэньня ў цэнтры Барсэлёны.

Тэракт у Барсэлёне. Першыя фота


Амбасада Беларусі ў Гішпаніі ўдакладняе, ці ёсьць сярод загінулых і пацярпелых у Барсэлёне грамадзяне Беларусі. МЗС рэкамэндуе грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Барсэлёне, выйсьці на сувязь са сваякамі. Тэлефон гарачай лініі, адкрытай уладамі Гішпаніі: + 34 902400012.

«Выказваю глыбокія спачуваньні сем’ям і блізкім загінулых, [прэм’ер-міністру Гішпаніі] Марыяна Рахою і грамадзянам Гішпаніі. Мае думкі з жыхарамі Барсэлёны. Нас ніколі не запалохае гэтае барбарства», — напісаў у «Твітэры» кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клёд Юнкер.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яго краіна асуджае тэракт у Барсэлёне і прапанаваў аказаць Гішпаніі любую дапамогу.

Прэм'ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй адзначыла, што Вялікабрытанія стаіць поруч з Гішпаніяй у барацьбе супраць тэрору.

Цягам апошняга часу тэрарысты некалькі разоў уяжджалі на аўтамабілях у месцы масавага збору людзей – у сэрыі такіх тэрактаў у Эўропе загінулі больш за 100 чалавек, у тым ліку ў Ніцы, Бэрліне, Лёндане і Стакгольме.