Паліцыя Барсэлёны лічыць тэрарыстычным нападам наезд мінівэна на натоўп у цэнтры гораду. Паводле розных зьвестак, загінулі ад 3 да 13 чалавек, ёсьць параненыя. Прэса, са спасылкай на паліцыю, інфармуе пра 50 параненых. Гэтая лічба мяняецца.
У Барсэлёне ўведзены ў дзеяньне антытэрарыстычны плян.
СМІ паведамілі, што ўдалося знайсьці другі фургон, у якім, як мяркуецца, уцяклі злачынцы ці злачынца: за 69 км ад Барсэлёны ў горадзе Вік. Ёсьць інфармацыя пра затрыманьне аднаго падазраванага ў наезьдзе.
Your browser doesn’t support HTML5
У раёне плошчы Каталёніі, дзе адбылося здарэньне, закрытае мэтро, прыпынены рух наземнага грамадзкага транспарту.
Відэа зь месца здарэньня: асьцярожна, шакуючыя кадры
Амбасада Беларусі ў Гішпаніі ўдакладняе, ці ёсьць сярод загінулых і пацярпелых у Барсэлёне грамадзяне Беларусі. МЗС рэкамэндуе грамадзянам Беларусі, якія знаходзяцца ў Барсэлёне, выйсьці на сувязь са сваякамі.
Тэлефон гарачай лініі, адкрытай уладамі Гішпаніі: + 34 902400012
Цягам апошняга часу тэрарысты некалькі разоў уяжджалі на аўтамабілях у месцы масавага збору людзей – у сэрыі такіх тэрактаў у Эўропе загінулі больш за 100 чалавек, у тым ліку ў Ніцы, Бэрліне, Лёндане і Стакгольме.