Чаму паломнікі ідуць да Сіняга калодзежа. Фотагалерэя
Паводле аб’ёму вады, якая б’е з глыбінь зямлі, яна самая вялікая ва Ўсходняй Эўропе, эталён чысьціні падземных вод. Паводле паданьня, тут з-пад зямлі б’юць 120 ключоў. Паверхня вады мае ў дыямэтры каля 10 мэтраў. Крыніца знаходзіцца на высокім месцы ў полі.
Паводле аднаго з паданьняў, крыніца Сіні Калодзеж узьнікла тады, калі ў Прапойску (цяпер Слаўгарад) жыла багатырка Кацярына. Да яе сваталіся жаніхі. Сьцяпана яна любіла, але ён быў не такі дужы як нялюбы жаніх Іван. Яна сказала, што пойдзе замуж за таго, хто далей кіне валун з высокага правага берага Сожа, з Прапойска на ўсход, на луг. Нялюбы Іван кінуў агромісты валун якраз туды, дзе цяпер в.Кліны. Слабейшы, любы Сьцяпан кінуў ня так далёка. Кацярына пайшла і стала на камень нялюбага Івана і сказала: «Лепш пайду вадой служыць, чым зь нялюбым жыць». Потым падскочыла, ударылася аб валун, разьбілася і раптам тут жа разьлілася вялікім люстрам крыніцы.
Кожны год прыяжджаюць на Сіні Калодзеж жыхары былых навакольных вёсак Кліны, Нямільна, Дубна, Старынка і іншых, адселеных пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, каб сустрэцца, набраць вады, палячыцца, пагаманіць і ўзгадаць тутэйшыя легенды. Апошнія гады прыяжджае шмат паломнікаў з усёй Беларусі, а таксама з Бранскай вобласьці Расеі.
Тэмпература вады ўвесь год +4
Вада ледзяная, але кожны стараецца тры разы перайсьці цераз крыніцу туды і назад. Іншыя акунаюцца цалкам.
Раней людзі пілі вадзічку, маліліся, далей ад крыніцы абмывалі хворае месца і пакідалі адзежу і абутак, надзявалі і абувалі ўсё чыстае. Потым даводзілася жыхарам Кліноў усё гэта зьбіраць і спальваць, чысьціць крыніцу.
Лічыцца, што вада зь сіняй крыніцы карысная. Людзі набіраюць вёдрамі і каністрамі.
Многія лічаць ваду ў крыніцы гаючай
Захавалася легенда і пра русалку. Аднойчы лясьнік Шэпіт убачыў каля Сіняга Калодзежа жанчыну, якая сядзела і расчэсвала свае доўгія валасы. Лясьнік хацеў схаваць адзеньне, схапіць русалку. Пад нагой, як падкрадаўся, хруснула галінка. «А, Шэпіт! Хацеў зачураць мяне? Ну, дык будзе ў твой род патоп!» – прамовіла жанчына і зьнікла ў крыніцы. У той жа год у яго на Пятра ўтапілася ў Сажы дачка.
Людзі вераць у лекавыя ўласьцівасьці камяня.