Калі Расея прымусіць Беларусь экспартаваць нафтапрадукты празь яе чыгункі і марскія парты, гэта можа быць эканамічна нявыгадна і небясьпечна для самога Менску, сьцьвярджае прэм’ер-міністар Літвы Саўлюс Сквярняліс:
«Транспартаваньне грузаў па чыгунках Расеі і праз расейскія парты для яе (Беларусі) можа быць і нявыгадна эканамічна, і небясьпечна стратэгічна, калі мець на ўвазе, што гэтыя парты замярзаюць і кліматычныя ўмовы там зусім іншыя. Гэта асабліва адчувальна, калі гаворка ідзе пра перавозку нафтапрадуктаў», — сказаў 17 жніўня кіраўнік ураду ў інтэрвію радыёстанцыі Žinių radijas.
Так кіраўнік ураду Літвы адрэагаваў на ўчорашнія заклікі прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, каб Беларусь перанакіравала патокі нафтапрадуктаў з краін Балтыі ў расейскія парты.
Сквярняліс падкрэсьліў: ён разумее, што «ва ўсходніх дзяржавах палітычныя рашэньні нярэдка прымаюцца без уліку эканамічных інтарэсаў. Таму літоўскія палітыкі таксама павінны праяўляць актыўнасьць, каб беларускія грузы па-ранейшаму ішлі па літоўскай чыгунцы ў Клайпедзкі порт».
На думку экспэртаў, Крэмль празь ціск на Беларусь імкнецца зрабіць яе яшчэ больш залежнай ад Расеі.
«Прапаноўваючы экспартаваць праз расейскія парты, Пуцін, зразумела, бачыць у гэтым эканамічную выгаду. Акрамя таго, ён тады будзе дакладна ведаць, колькі нафтапрадуктаў Беларусь адпраўляе на экспарт», — кажа палітоляг Лаўрынас Янавічус.
Пуцін лічыць, што пастаўкі нафты ў Беларусь неабходна ўвязаць з выкарыстаньнем расейскай транспартнай інфраструктуры.