У электронным лісьце да звыш чым 100 тысячаў супрацоўнікаў тэхналягічнага гіганта, тэкст якога прыводзіць выданьне Buzzfeed News, Тым Кук назваў нянавісьць «ракам», дадаўшы, «тое, што адбылося ў Шарлотсьвілі, ня мусіць мець месца ў нашай краіне».
«Гаворка ідзе не пра левых ці правых, кансэрватараў або лібэралаў. Ідзецца аб чалавечай прыстойнасьці і маральнасьці», — напісаў Кук.
Ён таксама крытыкаваў рэакцыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на трагічныя падзеі ў Шарлотсьвілі, заявіўшы аб недапушчальнасьці «маральнай эквівалентнасьці паміж белымі расістамі і нацыстамі ды тымі, хто выступае супраць іх, адстойваючы правы чалавека».
«Мы ўжо бачылі жах перавагаў белай расы і расісцкага гвалту. Гэта маральная праблема і абраза для Амэрыкі», — напісаў Тым Кук.
12 жніўня ў горадзе Шарлотсьвіль, штат Вірджынія, адбыліся сутыкненьні паміж ультраправымі актывістамі і іхнымі супернікамі. Адзін чалавек загінуў, больш за 30 пацярпелі. Трамп першапачаткова асудзіў гвалт, як ён выказаўся, «з многіх бакоў», што выклікала крытыку ў яго адрас.
Учора стала вядома, што Трамп распусьціў дзьве кансультатыўныя рады ў пытаньнях прадпрымальніцтва пры Белым доме, шэраг чальцоў якіх (уключна з прадстаўнікамі тэхналягічных кампаніяў) асудзіў ягоныя выказваньні.