Анархіст Дзядок судзіцца з «Советской Белоруссией»

Мікалай Дзядок

Былы палітвязень і журналіст Мікалай Дзядок зьвярнуўся ў суд з позвай да рэдакцыі газэты «Советская Белоруссия» («СБ. Беларусь сегодня») аб абароне гонару і годнасьці, а таксама кампэнсацыі маральнай шкоды за заявы наконт яго ў артыкуле Андрэя Мукавозчыка «Анархия, мать...».

Пазоў пачалі разглядаць у судзе Савецкага раёну 17 жніўня, судзьдзя — Дзьмітры Жданок.

Прадстаўнікі «СБ» — Андрэй Мукавозчык (зьлева) і рэдактар юрыдычнага аддзела выданьня Аляксей Шпілеўскі

Прадстаўнікі «СБ» — Андрэй Мукавозчык і рэдактар юрыдычнага аддзела выданьня Аляксей Шпілеўскі — прысутнічаюць на судзе. Шпілеўскі просіць прадставіць поўны прысуд, які вынес Мікалаю Дзядку Заводзкі суд 27 траўня 2011 году. Судзьдзя кажа, што судом запатрабаваная судовая справа, таму адхіляе хадайніцтва. Судзьдзя зачытаў пазоў Мікалая Дзядка да Мукавозчыка і газэты. Андрэй Мукавозчык пазоўныя патрабаваньні не прызнаў.

Мікалай Дзядок абгрунтоўвае свой пазоў. Зьвесткі ў артыкуле не адпавядаюць рэчаіснасьці, ён ня быў асуджаны за тыя дзеяньні, пра якія піша Мукавозчык. Згадваньне ягонага імя ў сувязі з тэрарыстычнымі дзеяньнямі перашкодзіць ягоным сацыяльным сувязям і прафэсійнай дзейнасьці (Дзядок зьяўляецца пазаштатным карэспандэнтам «Новага часу»). На ягоны погляд, журналісты «СБ. Беларусь сегодня» не адчуваюць адказнасьці за свае словы.

Судзьдзя пытаецца, за што канкрэтна быў асуджаны Дзядок. Той адказвае, што за сымбалічнае шэсьце каля штабу, а таксама за сымбалічныя атакі на казіно «Шангры Ла» і Дом прафсаюзаў.

Шпілеўскі гаворыць, што, маўляў, анархізм як рух адмаўляе ролю дзяржавы. Пытаецца, чаму Дзядок зьвярнуўся ў суд. Судзьдзя адхіліў пытаньне, бо яно не датычыцца справы.

Таксама судзьдзя адхіліў і некалькі пытаньняў Мукавозчыка, якія не датычаць сутнасьці спрэчкі.

«Чаму вы пакрыўдзіліся менавіта на „СБ“, хоць пра вас пісалі многія сайты?» — пытаецца Мукавозчык.

«Таму што гэта самае адыёзнае выданьне», — адказвае Дзядок.

Прадстаўнік пазванага Андрэй Мукавозчык акцэнтуе ўвагу, што на многіх беларускіх і расейскіх сайтах была апублікаваная інфармацыя пра Дзядка і Аліневіча, у прыватнасьці спасылаецца на gazeta.ru, на charter97.org. «Чаму „выбарачная“ крыўда толькі на „СБ“?» Кажа, што ў ягонай публікацыі наагул не ішла гаворка пра Дзядка і нават пра тэрарыстаў і анархістаў, а толькі пра людзей у масках, якія сьвядома парушаюць закон. Пра пазоўніка Дзядка — толькі шараговая згадка. А пытаньні ўсе да чытачоў, а не да Дзядка. Няма параўнаньня ягоных дзеяньняў з тэрарыстычнымі, няма згадкі, што Дзядок — хуліган.

«А калі мне дадуць прысуд, мы апублікуем увесь поўны сьпіс таго, за што быў асуджаны Дзядок. Мы дамо грамадзтву поўную інфармацыю, і яна будзе праўдзівай», — кажа Мукавозчык.

Цытуе матэрыял БелТА аб прысудзе анархістам у 2011 годзе, называючы БелТА галоўным інфармацыйным агенцтвам краіны, — што Дзядок асуджаны за падпальваньне машыны каля расейскай амбасады.

«Чаму 6 гадоў Дзядок ніякіх маральных пакутаў ня меў? Чаму глыбокая крыўда толькі на „СБ“?» — задае рытарычнае пытаньне Мукавозчык.

Наступнае паседжаньне адбудзецца 1 верасьня 2017 году а 10-й гадзіне. Прадстаўнікам «СБ-Беларусь сегодня» дазволілі азнаёміцца з прысудам і крымінальнай справай, якая разглядалася ў 2011 годзе Заводзкім судом.

***

У артыкуле сьцьвярджалася, што Дзядок «атрымаў свой тэрмін за атаку „кактэйлямі Молатава“ расейскай амбасады ў Менску». Дзядка спачатку абвінавачвалі ў гэтым нападзе ў межах «справы анархістаў», але асудзілі не за гэта. Тыя ж дзеяньні, за якія яго нібыта асудзілі паводле вэрсіі «СБ», у газэце параўноўваюцца з тэрарызмам.

Дзядок лічыць параўнаньне з тэрарызмам абразьлівым, а артыкул напісаным «з мэтай дыскрэдытаваць мяне і анархісцкі рух Беларусі». Ён просіць суд прызнаць, што зьвесткі ў артыкуле «СБ» не адпавядаюць рэчаіснасьці, зьневажаюць ягоны гонар і годнасьць; абавязаць рэдакцыю «СБ» і аўтара артыкулу выдаліць непраўдзівыя зьвесткі і апублікаваць на галоўнай старонцы інтэрнэт-сайту газэты абвяржэньне гэтых зьвестак; а таксама спагнаць на яго карысьць з рэдакцыі газэты і Андрэя Мукавозчыка 10 000 беларускіх рублёў у якасьці кампэнсацыі маральнай шкоды.