У менскай міліцыі пракамэнтавалі скаргі расейскага псыхоляга на катаваньні

Расейскі псыхоляг Міхаіл Казлоў

Прэсавы сакратар упраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі пракамэнтаваў скаргі псыхоляга Казлова на тое, што яго катавалі ў Кастрычніцкім РУУС Менску.

— Гэта лухта, гэта домыслы. А чаго яшчэ можна было ад яго чакаць? Трэба з іроніяй і крытыкай ставіцца да таго, што пішуць у інтэрнэце.

Кажучы афіцыйнай мовай, калі ў яго ёсьць нейкія прэтэнзіі, калі ласка, няхай зьвяртаецца ў пракуратуры, у вышэйшыя органы ўнутраных спраў са скаргамі на неправамерныя дзеяньні. Гэта можа зрабіць любы чалавек, які лічыць, што ў дачыненьні яго былі перавышаны ўсе межы неабходнай працэсуальнай улады. Іншага камэнтару нават быць ня можа.

— Але яго ўчора затрымалі, потым даволі хутка адпусьцілі. Якія да яго былі прэтэнзіі?

— Я не лічу патрэбным гэта абмяркоўваць. Падставы былі, падставы застаюцца. Праца зь ім яшчэ ня скончана, таму камэнтаваць пакуль няма чаго.

***

Расейскі псыхоляг Міхаіл Казлоў, якога 14 жніўня затрымалі падчас правядзеньня псыхалягічнага трэнінгу «Пераадоленьне» ў Менску з прычыны падазрэньня ў махлярстве, адпушчаны без падпіскі пра нявыезд.

Цяпер ён знаходзіцца ў Маскве і зьбіраецца падаваць скаргу на кіраўніцтва Кастрычніцкага РУУС Менску — за фізычны і маральны гвалт.