Цяпер МТЗ пастаўляе ў Аўганістан у асноўным BELARUS-510, прызначаны для сельскагаспадарчых працаў, транспартных і дапаможных апэрацыяў.
«Гэта тэнтаваная, максымальна спрошчаная тэхніка, запатрабаваная ў Паўднёва-Ўсходняй і Цэнтральнай Азіі. Але паколькі завод выпускае каля 200 мадэляў, мы можам падабраць мадэльны шэраг пад любыя патрабаваньні», — сказаў Юры Пататурка.
Мы можам падабраць мадэльны шэраг пад любыя патрабаваньні
Менскі трактарны завод і кампаніі Аўганістану супрацоўнічаюць ад 1956 году, за гэты час у краіну адгружана больш за 20 тысяч адзінак тэхнікі. Сёньня ў Аўганістане функцыянуе дылерская сетка МТЗ, па выніках году плянуецца адправіць больш за паўтысячы трактароў.
Дзеля паўнаты ўражаньня Абдула Абдула пракаціўся на трактары BELARUS-4522 — адной з самых магутных машын, якія выпускаюцца на прадпрыемстве.
Прэм’ер-міністар Аўганістану будзе знаходзіцца з афіцыйным візытам у Беларусі 15–17 жніўня.
Ён правядзе перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым у вузкім і пашыраным складзе. Па выніках сустрэчы будуць падпісаныя міждзяржаўныя пагадненьні.
Абдула Абдула наведае шэраг прамысловых і аграрных прадпрыемстваў краіны — МТЗ, МАЗ, «Амкадор», «БелОМА», камбінат «Дзяржынскі».
У якасьці культурнай праграмы беларускі бок прапанаваў госьцю наведаць музэй гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
З улікам нестабільнай сытуацыі ў Аўганістане аб’ём таваразвароту Беларусі з гэтай краінай зусім невялікі. Калі меркаваць па апошніх гадах, у сярэднім гэты паказьнік вагаецца ў межах 15–20 мільёнаў даляраў.
Аснову беларускага экспарту складаюць нафтапрадукты, трактары, грузавыя аўтамабілі, шыны, запчасткі. Амаль на 1 мільён даляраў пастаўляецца гумовы абутак.
З Аўганістану завозіцца пераважна сьвежая і сушаная садавіна.