10-бальная сыстэма адзнак не працуе, бо ад школаў патрабуюць павышаць пасьпяховасьць, — Тамара Мацкевіч

Тамара Мацкевіч

Віцэ-прэм’ер Васіль Жарко 15 жніўня прапанаваў Аляксандру Лукашэнку вярнуць сыстэму адукацыі Беларусі да 5-бальнай сыстэмы ацэнкі ведаў. Паводле яго, цяперашняя 10-бальная сыстэма, уведзеная ў 2002 годзе, незразумелая, ня мае выразнай мяжы між баламі ад 6 да 8.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч у камэнтары Свабоды адзначыла, што развагі пра сыстэмы ацэнак ведаў — «чарговая гульня, каб адцягнуць увагу ад больш важных праблемаў, што ёсьць у адукацыі».

«Зразумела, што 10-бальная сыстэма адзнак мае ў параўнаньні зь 5-бальнай свае перавагі, — разважае Мацкевіч. — Яна крыху трансфармавалася з часу яе ўвядзеньня, але настаўнікі прызвычаіліся, дзеці прывыклі, ёсьць інструктыўныя лісты і дакумэнты, дзе ёсьць дакладны падзел паміж гэтымі баламі.

Зь іншага боку, тое ж самае Міністэрства адукацыі, тыя ж самыя беларускія ўлады не даюць настаўніку карыстацца гэтай 10-бальнай сыстэмай. Зь 5-бальнай тое самае будзе! Яны патрабуюць плян росту пасьпяховасьці: кожная школа хоча мець лепшы рэйтынг і вымушаная завышаць гэтыя адзнакі.

Менавіта таму гэтая „дзесяцібалка“ не працуе, як магла б працаваць: ёй перашкаджаюць чыноўнікі, якія патрабуюць нейкіх паказьнікаў. Школы ацэньваюцца і паводле росту пасьпяховасьці, і паволе колькасьці чальцоў БРСМ, і па колькасьці алімпіяднікаў, і па колькасьці паходаў на хакей... Усё гэта патрабуюць паказваць, што школа выконвае і перавыконвае плян. Таму 10-бальная сыстэма крыху дыскрэдытуецца самімі чыноўнікамі.

Пераход на 5-бальную сыстэму абсалютна ня можа вырашыць гэтыя праблемы. Хто такі Жарко? Ён не спэцыяліст у адукацыі. Я думаю, гэта проста палітычны крок дзеля таго, каб стварыць ілюзію руху, ілюзію зьменаў, нейкай дзейнасьці... А папраўдзе нічога ня робіцца».