Расейскія інфармагенцтвы са спасылкай на Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі паведамляюць пра затрыманьне ў анэксаваным Крыме грамадзяніна Ўкраіны, які «спрабаваў пашкодзіць лінію электраперадачы і плянаваў іншыя дывэрсіі».
Пра гэта пішуць «РИА Новости», ТАСС і іншыя рэсурсы. На сайце самой Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі гэтая інфармацыя зьявілася пасьля паведамленьняў інфармагенцтваў.
«Упраўленьнем ФСБ Расеі па Рэспубліцы Крым і Севастопалю ў ходзе апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў затрыманы агент Службы бясьпекі Ўкраіны ў Херсонскай вобласьці, накіраваны ў Крым для ўчыненьня дывэрсійных актаў», — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія крыніцы падаюць і прозьвішча затрыманага.
«12 жніўня Генадзь Лімешка затрыманы супрацоўнікамі органаў ФСБ пры спробе пашкодзіць лінію электраперадачы ў раёне трасы Судак — Новы Сьвет», — сьцьвярджаюць у Расеі.
Расейскія спэцслужбы заяўляюць, што ў затрыманага канфіскаваная зброя, выбухоўка і лічбавы фотаапарат.
Служба бясьпекі Украіны назвала інфармацыю пра чарговае затрыманьне грамадзяніна Украіны ў анэксаваным Крыме «фэйкавай навіною».
«Расейская ФСБ зьвярнулася да чарговай правакацыі, паведаміўшы пра затрыманьне ў Крыме нібыта „агента СБУ“», — гаворыцца ў паведамленьні ўкраінскай спэцслужбы.
«На фоне пагаршэньня жыцьця крымчан, ФСБ зноў запускае „заежджаную кружэлку“, спрабуючы абвінаваціць Украіну і яе праваахоўныя органы ў сваіх уласных бедах і праблемах у Крыме», — дадаюць у СБУ.
Расея і раней неаднаразова заяўляла пра затрыманьне ў Крыме «ўкраінскіх дывэрсантаў». Украінскія спэцслужбы такія паведамленьні абвяргаюць.
Пазьней сёньня было паведамлена, што падкантрольны Крамлю Кіеўскі раённы суд Сімферопалю арыштаваў грамадзяніна Ўкраіны Генадзя Лімешку на два месяцы.