Заснавальнік карпарацыі Microsoft, найбагацейшы чалавек плянэты Біл Гейтс 6 чэрвеня ахвяраваў на дабрачынныя мэты акцыяў кампаніі на 4,6 млрд даляраў, перадае Bloomberg. Атрымальнік акцыяў не называецца, але выданьне азначае, што Гейтс робіць асноўную частку ахвяраваньняў у Фонд Біла і Мэлінды Гейтс.
Ахвяраваньне мае стаць найбуйнейшым для Гейтса з 2000 году, калі ён перадаў на дабрачыннасьць 5,1 млрд даляраў. Годам раней ён ахвяраваў акцыяў Microsoft на 16 млрд даляраў. Усяго з 1994 году Біл і Мэлінда Гейтс ахвяравалі 35 млрд грашыма і акцыямі, згодна са справаздачамі і падатковымі зьвестамі пра іхны фонд.
Сёньня Гейтс валодае 1,3% Microsoft. Bloomberg адзначае, што Гейтс мог накіраваць у фонд такую долю акцыяў Microsoft, што сёньня каштавала б 50 млрд. Але, акрамя Microsoft, Гейтс валодае і долямі ў іншых кампаніях, што кантралююцца фондам Cascade Investment — сумарнае багацьце Гейтса цяпер ацэньваецца ў 86,1 млрд даляраў.
Тым часам ахвяраваньне Гейтса ня самае вялікае ў 2017 годзе. Як пісаў New York Times, у ліпені малавядомы да таго 30-гадовы кітаец Гуань Цьзюнь перавёў у амэрыканскі дабрачынны фонд частку акцыяў кітайскага канглямэрату HNA Group на 18 млрд даляраў. Чаму ён гэта зрабіў і ці сапраўды ён кантралюе грошы, невядома.