Качанава — мясцовым органам улады: «Вы павінны адсачыць кожнага чалавека»

Натальля Качанава

Пастаўлена задача да 1 кастрычніка прыняць абноўлены дэкрэт № 3. З кіраўнікоў Менску будуць строга патрабаваць за выкананьне прагнозных паказчыкаў працаўладкаваньня на новыя працоўныя месцы, росту заработнай платы і прыцягненьня прамых замежных інвэстыцый.

Пра гэта заявіла кіраўніца Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава на апэратыўнай нарадзе ў Менгарвыканкаме, перадае БЕЛТА.

«Акцэнт пераносіцца на мясцовыя органы ўлады. Вы павінны адсачыць кожнага чалавека, скласьці вывераныя сьпісы — прапануйце людзям працу, дапамагайце ім з працаўладкаваньнем».

Менску даведзена заданьне дасягнуць у сьнежні ўзроўню сярэдняй заработнай платы ў 1385 рублёў.

«Трэба ня толькі выйсьці ў сьнежні на гэты парамэтар, але і ўтрымаць яго», — сказала кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі.