Такія зьвесткі апублікаваў кіраўнік Асацыяцыі індустрыі гасьціннасьці Ўкраіны Аляксандр Ліеў. Пры гэтым да анэксіі Крым штогод наведвалі каля 4 мільёнаў украінскіх турыстаў, акрамя якіх былі яшчэ адпачывальнікі з краін СНД, у тым ліку Расіі, і замежжа.
Рэкордна малы турыстычны паток з Украіны — адна з прычын пустых пляжаў і пустых міні-гатэляў у Крыме сёлета. Доля ўкраінскіх турыстаў заўсёды была стабільнай і складала 65 адсоткаў ад агульнай колькасьці адпачывальнікаў, напісаў Аляксандр Ліеў, які займаў пасаду міністра курортаў і турызму Аўтаномнай рэспублікі Крым.
У інтэрвію Радыё Свабода Аляксандр Ліеў тлумачыць, чаму ўкраінцы і расейцы адмаўляюцца ехаць адпачываць на паўвостраў.
РС: Вы апублікавалі лічбу 100 тысяч украінскіх турыстаў за апошнія паўгоду. Не маглі б вы растлумачыць, як удалося яе атрымаць?
Аляксандр Ліеў: Ёсьць зьвесткі памежнай службы, колькі людзей перасеклі адміністрацыйную мяжу паміж Крымам і Ўкраінай. Такіх перасячэньняў — 340 тысяч, зь іх каля 150 тысяч — гэта людзі, якія маюць крымскую прапіску. Гэта такія, як я. Я ня быў у Крыме, мне, на жаль, забаронены ўезд, але многія крымчане езьдзяць ва Ўкраіну. Калі адняць крымчан, застаецца 200 тысяч чалавек, якія перасеклі мяжу з Крымам са сваімі рознымі мэтамі.
У нас засталася мэтодыка, распрацаваная яшчэ да вайны крымскай Нацыянальнай акадэміяй прыродаахоўнага і курортнага будаўніцтва (НАПКБ). Яна складаная і грунтуецца на шматгадовых сацыялягічных назіраньнях, якія, вядома, рабіліся ў даваенны час. Згодна з гэтай мэтодыкай, самы аптымістычны адсотак людзей, якія ўяжджаюць на паўвостраў з турыстычнымі мэтамі ў летні сэзон, — гэта 50 адсоткаў ад агульнай колькасьці некрымчан. У зімовы сэзон іншая лічба. Яна кожны месяц карэлюецца. Ужываючы мэтодыку НАПКБ, можна сказаць, што каля 100 тысяч чалавек — гэта людзі, якія прыяжджалі ў Крым з турыстычнымі мэтамі. Да турыстычных мэтаў залічваюцца практычна ўсе мэты, не зьвязаныя з бізнэс-падарожжамі або міграцыяй. Паездка ў госьці — гэта турыстычная мэта. Паездка для таго, каб на нешта паглядзець, — гэта турыстычная мэта. Такім чынам, можна сьцьвярджаць, што каля 100 тысяч чалавек, якія перасеклі адміністрацыйную мяжу з Крымам, — гэта турысты. Гэта вельмі мала ў параўнаньні з тым, што было раней.
РС: А што было раней? Не маглі б вы параўнаць з цяперашняй сытуацыяй?
Аляксандр Ліеў: Калі Крым быў у складзе Савецкага Саюзу, то прымаў больш за 8 мільёнаў турыстаў, зь якіх 6 мільёнаў былі грамадзянамі мацерыковай Украіны. На працягу апошніх 25 гадоў Крым прымаў 4–4,3 мільёна турыстаў з мацерыковай Украіны, а ўсяго прымаў 6. Былі ў Крыму цяжкія гады, 90-я, калі турыстычны паток быў мінімальным, але якімі б цяжкімі ні былі тыя гады, заўсёды ўкраінцы складалі 65–70 працэнтаў ад агульнай колькасьці турыстаў. Лічбы сёлетняга году рэкордна нізкія за ўсю гісторыю крымскага турызму. Вядома, гэта экспэртныя лічбы. Яны адштурхоўваюцца ад мэтодык, ад агульнай колькасьці перасячэньня мяжы. І пэўная хібнасьць тут ёсьць, але яна не такая ўжо і значная.
РС: У Крым можна трапіць ня толькі наземным транспартам, але і па паветры. Хоць гэты шлях Украіна і прызнае незаконным, але тым ня менш ці ўлічваеце вы тых украінцаў, якія ляцяць у Маскву, а потым з Масквы ляцяць у Сімфэропаль?
Аляксандр Ліеў: Па-першае, гэта немагчыма, паколькі наўпроставыя авіязносіны спынена. Для таго, каб паляцець у Крым, трэба паляцець у Менск, адтуль паляцець у Маскву, а з Масквы — у Крым. Кошт такога падарожжа будзе ў тры разы даражэйшы, чым паляцець з Кіева ў Анталію ці ў Ніцу. Таму, можа быць, і ёсьць чалавек пяцьдзесят, якія за гэты час зьляталі ў Крым па нейкіх сваіх справах, таму што ім было вельмі трэба, але турыстычнага патоку па паветры няма.
РС: Ці можа Расея папоўніць недахоп ўкраінскіх турыстаў? Колькі прыблізна турыстаў з Расеі цяпер прыяжджаюць у Крым?
Аляксандр Ліеў: Крым заўсёды быў адкрыты і для Расеі, і, скажам, для Нямеччыны, і для Ўкраіны. Раней, у даваенны час, не было ніякіх перашкодаў бываць у Крыме. У Крым прыяжджалі бязь візаў. Ніякіх фактараў стрымліваньня, у прыватнасьці для расейцаў, не было. Тады ў Крым прыяжджалі 1,1–1,4 мільёна расейцаў. Цяпер прыяжджае 1,1 мільёна, па меншай меры, мяркуючы па мінулым годзе. І падстаў для росту турыстычнага патоку з Расеі ў акупаваны Крым няма. PR — ёсьць, а падстаў для росту няма.
Наадварот, ёсьць падставы для памяншэньня турыстычнага патоку. Па-першае, гэта адсутнасьць чыгуначных зносін. Большасьць расейцаў з гэтага мільёна, які прыяжджаў у Крым, ехалі цягніком. Па-другое, у Крыме значна вырасьлі цэны, асабліва на прадукты харчаваньня. І гэта вельмі важны фактар. Па-трэцяе, моцна пагоршылася якасьць прадуктаў. Раней расейцы ў Крыме зь велізарным задавальненьнем спажывалі ўкраінскія прадукты, якія заўсёды былі лепшай якасьці і значна таньнейшыя, зь меншым тэрмінам захоўваньня (яны былі больш арганічныя), але цяпер іх там проста няма.
Акрамя гэтага, пытаньні бясьпекі. Усё-ткі вакол Крыму і сытуацыі ў Данбасе ў расейскіх СМІ ідзе досыць шырокая кампанія з апавяданьнямі аб тэрарыстычных групах і гэтак далей. Пры выбары жыхара, напрыклад, Екацярынбургу Крым не трапляе ў першую дзясятку турыстычных інтарэсаў па ўсіх вышэйпералічаных прычынах.
РС: Украінцы таксама адмаўляюцца ад падарожжа ў Крым. Лічбы ашаламляльныя: 100 тысяч замест некалькіх мільёнаў турыстаў. Якія ў іх матывы адмовы ад падарожжа?
Аляксандр Ліеў: Прычыны тры. Напэўна, самая папулярная — патрыятычная. Гаворка ідзе аб эмацыйным непрыманьні цяперашняй акупацыі. Нават тужачы па Крыме, украінцы прымаюць рашэньне ня ехаць, шмат хто кажа, што гэта пратэст. Некаторых зьдзіўляе, што знайшліся 100 тысяч чалавек, якія вырашылі паехаць. Другая прычына — транспартная. Каб дабрацца ў Крым, трэба вельмі моцна пастарацца. Няма цягнікоў, а большасьць жыхароў і Ўкраіны, і Расеі езьдзілі ў Крым цягнікамі. Няма самалётаў, няма аўтобусаў. Ёсьць магчымасьць дабрацца толькі на машыне. Пры гэтым ёсьць складанасьці пры перасячэньні мяжы, гэта выдаткаваны час. І трэцяя прычына — бясьпека. Калі цяпер жыхар Украіны ў Крыме патрапіць у нейкую сытуацыю, якая магла б адбыцца ў яго і ў Турэччыне, і ў Адэсе, дзе заўгодна… напрыклад, чалавек зломіць нагу, то яго страхавая кампанія ў Крыме не працуе. Ці ня дай Бог патрапіць у нейкую калатнечу зь мясцовымі акупацыйнымі ўладамі, з праваахоўнымі органамі. У гэтым выпадку ўкраінскія ўлады ня здольныя аказаць прававую дапамогу нашым грамадзянам на тэрыторыі Крыма.
РС: Адток турыстаў з Украіны канстатуюць і самі крымчане. Як гэта адбіваецца на іх даходах?
Аляксандр Ліеў: У Крыме больш за 200 тысяч чалавек былі занятыя ў турыстычнай сфэры. Крымскі турбізнэс дзяліўся на дзьве часткі: прыватны бізнэс, 4,5 тысячы міні-гатэляў, амаль 10 тысяч сэзонных рэстаранаў, і 700 здраўніц. Здраўніцы ў асноўнай масе ніштавата запоўненыя тымі, каго адпраўляе расейскі бюджэт. Ёсьць здраўніцы, для якіх сытуацыя эканамічна нават стала лепшай, чым была. Але гэта вельмі нязначная частка турбізнэсу. Асноўны аб’ём турыстычнага бізнэсу — гэта былі міні-гатэлі і сэзонныя рэстараны. І асноўная маса гэтых аб’ектаў цяпер знаходзіцца на расейскіх і ўкраінскіх сайтах продажу нерухомасьці. Мяркуючы па тым, як доўга яна там знаходзіцца, яна не прадаецца. А значыць, гэты бізнэс не працуе.