New York Times пра палітыку Лукашэнкі як балянсаваньне між Захадам і Расеяй

Аляксандар Лукашэнка

Маскоўскі карэспандэнт New York Times Іван Нечэпурэнка распавёў чытачам выданьня пра тое, як балянсаваньне Беларусі між Захадам і Расеяй становіцца ўсё больш хісткім. Артыкул ілюстраваны здымкамі фатографа «Нашай Нівы» Сяргея Гудзіліна.

Нечэпурэнка згадвае, што Лукашэнку даўно называюць на Захадзе «апошнім дыктатарам Эўропы», але сам Лукашэнка казаў пра падтрымку правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону ў час сустрэчы з амэрыканскімі і эўрапейскімі заканадаўцамі ў Менску. Для Лукашэнкі гэта «старая песьня», мяркуе аглядальнік.

За два дзесяцігодзьдзі Лукашэнка выдатна навучыўся гуляць на сутыкненьні Захаду і Ўсходу: для Крамля Беларусь гэта незамяняльны саюзьнік і эканамічна залежны падапечны, а для Захаду — важны буфэр ад Крамля, ваенная агрэсія якога нарастае. Але расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» могуць завершыць лукашэнкаў «праход па канаце» — аб гэтым кажуць лідэры апазыцыі, аналітыкі і нават амэрыканскія вайскоўцы.

Стасункі Масквы з Захадам цяпер дасягнулі такога ўзроўню напружанасьці, які апошні раз быў за савецкімі часамі. Адкрыты рух Беларусі на Захад можа справакаваць Крэмль на тую ж рэакцыю, што была на ўкраінскія падзеі пасьля сыходу прэзыдэнта Януковіча, а Захад наўрад ці адкажа на гэта вайсковай апэрацыяй. Рух на Ўсход на поўнай хуткасьці жа разбурыць сувэрэннасьць Беларусі — і можа аднавіць вулічныя пратэсты, што пачаліся сёлета на тле зьніжэньня ўзроўню жыцьця, мяркуе Нечэпурэнка.

Калі Лукашэнку вымусяць абіраць, аналітыкі мяркуюць, што ён схіліцца да «сваіх патронаў» у Маскве.

«Беларусь збудавала шмат мастоў на Захад, але ня можа прайсьці ні па адным зь іх, — тлумачыць New York Times аглядальнік Tut.by Арцём Шрайбман. — Эўрапэйскі вэктар гэта проста сродак для балянсаваньня стасункаў з Расеяй».

New York Times зьвярнулася па камэнтары таксама да дырэктара Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсэна Сівіцкага, дырэктара Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Паўла Вусава, эканаміста Сяргея Чалага, а таксама да ўдзельніка пратэстаў пачатку 2017 году, пэнсіянэра Аляксандра Кончаса і 65-гадовага жыхара вёскі Рэдзькі, што на мяжы з Расеяй, былога дырэктара калгасу Віктара Бачарэнкі.

Арыгінальны артыкул па-ангельску на New York Times >>>