Дырэктар ЦРУ Майк Пампэо, выступаючы ў нядзелю (13 жніўня) у інтэрвію тэлекампаніі CBS TV Face the Nation ў Вашынгтоне, заявіў, што ЗША зробяць усё, каб не дазволіць лідэру КНДР стварыць ракету, здольную дасягнуць амэрыканскай тэрыторыі.
Паводле яго, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ясна даў зразумець, што Злучаныя Штаты лічаць непрымальным, каб такі лідэр-прайдзісьвет, як паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын, меў магчымасьць атрымаць балістычную ракету з боегалоўкай, здольнай даляцець да Злучаных Штатаў, і трымаць Амэрыку і сьвет пад пагрозай.
«Ён лічыць гэта непрымальным. Ён проста не зьбіраецца дапускаць гэтага», — падкрэсьліў Пампэо. Дырэктар ЦРУ ня лічыць, што напад на ЗША з боку Паўночнай Карэі зьяўляецца «чымсьці непазьбежным».
«Амэрыканскі народ павінен ведаць, што гэтая адміністрацыя робіць усё, што ў яе сілах. Прэзыдэнт дазволіў выведніцкай супольнасьці і Міністэрству абароны зрабіць усё, каб абараніць Амэрыку ад гэтай пагрозы», — паведаміў Пампэо.
Раней у інтэрвію Fox News Sunday ня выключыў магчымасьці новых ракетных выпрабаваньняў, якія можа правесьці Паўночная Карэя.
«Я цалкам упэўнены, што (паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ун) будзе працягваць спробы распрацаваць сваю ракетную праграму, таму мяне ня зьдзівіць, калі будзе праведзенае яшчэ адно ракетнае выпрабаваньне. Яны правялі два ў ліпені, таму мяне не зьдзівіла б, калі б было яшчэ адно ракетнае выпрабаваньне», — заявіў Пампэо Fox News Sunday.