ЗША заявілі, што Паўночная Карэя павінна спыніць «правакацыйныя» дзеяньні, нагнятаць напружанасьць.
Заява Белага дому зьявілася раніцай 12 жніўня — пасьля тэлефоннай размовы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа са старшынём КНР Сі Цзіньпінам, які заклікаў Вашынгтон устрымацца ад «словаў і дзеяньняў», якія могуць «пагоршыць» і без таго напружаную сытуацыю на Карэйскім паўвостраве.
Абодва лідэры пацьвердзілі сваю прыхільнасьць ідэі бязьядзернай зоны ў рэгіёне.
Амэрыканскі прэзыдэнт увесь час падахвочвае Кітай узмацніць ціск на КНДР, каб дамагчыся замарожваньня яе ракетнай і ядзерных праграмаў.
У пятніцу Трамп заявіў аб поўнай баявой гатовасьці арміі ЗША і магчымасьці ваеннага адказу на «неабдуманыя» крокі Пхеньяну.
Паўночная Карэя адхіляе прынятую 5 жніўня рэзалюцыю Рады Бясьпекі ААН аб сур’ёзным узмацненьні санкцыяў супраць яе.
Толькі ў ліпені КНДР ажыцьцявіла два запускі міжкантынэнтальных балістычных ракет, якія, як сьцьвярджаецца, здольныя несьці ядзерны зарад і даляцець да Злучаных Штатаў.