Гадлеўскі Вінцэнт. Нарадзіўся 16 лістапада 1888 г. у м. Поразава Ваўкавыскага пав. Горадзенскай губ. (цяпер гарадзкі пасёлак у Сьвіслацкім р-не Горадзенскай вобл.). Забіты 24 сьнежня 1942 г. у в. Вялікі Трасьцянец Менскага раёну.
Сын рамесьніка, Вінцэнт Гадлеўскі скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю (1912) і мітрапалітальную духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу (1916). У акадэміі ўваходзіў у беларускі студэнцкі гурток. Высьвячаны ў 1914 г.
Пасьля акадэміі служыў вікарыем у менскай катэдры. У адным дакумэнце 1917 г. пазначаны як сябар БНПС, аднак на зьезьдзе беларускіх арганізацый у сакавіку 1917 г. выступаў ад імя Каталіцкай дэмакратычнай партыі (будучай БХДЗ). Абраны ў склад БНК, ён быў у ліку ініцыятараў Зьезду каталіцкага беларускага духавенства ў Менску (24–25 траўня 1917 г.). З лютага 1918 г. уваходзіў у Менскае беларускае народнае прадстаўніцтва, ад якога ў красавіку таго самага года кааптаваны ў Раду БНР.
У 1920 г. біскуп Зыгмунт Лазінскі выслаў а. Вінцэнта зь Менску на пасаду прэфэкта польскай гімназіі ў Нясьвіжы.
З 1921 г. служыў настаяцелем у Жодзішках (цяпер Смаргонскі раён). Быў адным з аўтараў мэмарыялу каталіцкага беларускага духавенства супраць пэўных палажэньняў канкардату паміж Ватыканам і Польскай Рэспублікай (1925). За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся польскімі дзяржаўнай і царкоўнай уладамі. 1 сакавіка 1926 г. асуджаны на 2 гады зьняволеньня (тэрмін заменены штрафам). Праз год асуджаны паўторна. У вязьніцы правёў амаль 16 месяцаў.
У 1928 г. на загад царкоўнай улады афіцыйна выйшаў з БХД, фактычна ж заставаўся яе сябрам. Партыю пакінуў пасьля рэарганізацыі БХД у Беларускае народнае аб’яднаньне (1936). Заснаваў нефармальны Беларускі нацыянальны фронт, выдаваў газэту «Беларускі фронт».
Выдаў 2 кнігі са сьвятой гісторыі Старога і Новага Запаветаў (1930, 1933). Пераклаў на беларускую мову Эвангельлі і Дзеі сьвятых апосталаў (1939). Напісаў таксама працу «Палітычныя і грамадзкія кірункі ў мінуўшчыне і сучаснасьці» (1931).
З пачаткам 2-й сусьветнай вайны пераехаў у Коўна, а ў 1940 г. — у Варшаву, дзе легальны Беларускі нацыянальны фронт стаў прыкрыцьцём падпольных антыфашысцкіх структураў. З чэрвеня 1941 г. у Бэрліне, стаў сябрам Беларускага нацыянальнага цэнтру.
Зь верасня 1941 г. у Менску. Да жніўня 1942 г. займаў пасаду галоўнага школьнага інспэктара генэральнай акругі Беларусь. Уваходзіў у раду БНС. Служыў у бажніцы сьвсьв. Сымона і Алены.
Паводле пэўных крыніц, менская СД арыштавала а. Вінцэнта па даносе беларускіх праваслаўных актывістаў.