Какосавы алей — адзін з папулярных прадуктаў сярод пасьлядоўнікаў здаровага ладу жыцьця. У гэтым артыкуле разьбіраемся, шкоды ён ці карысны.
Какосавы алей выкарыстоўваўся спрадвеку, але, паводле дадзеных Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), менавіта цяпер назіраецца какосаманія: сусьветны попыт расьце на 10% штогод. Для прыкладу: сусьветны рынак какосавай вады дасягнуў $ 2,2 млрд ў 2016 годзе. Яшчэ адзін прыклад: вядомы супэрмаркет Tesco налічвае на сваіх паліцах ня менш за 394 прадукты, вырабленых з какоса.
Какосавыя прадукты прывабныя для вэгетарыянцаў, для тых, хто не пераносіць ляктозу і тых, хто «пазьбягае малочных прадуктаў» як выбар ладу жыцьця. Так, многія ўжываюць какосавае малако для ранішняй кашы ці ў каве, а яго духмяны алей прывабны для прыхільнікаў выпечкі; какосавая мякаць можа быць высушаная і здробненая да мукі; какосавая вада прадаецца ў спартыўных залях у якасьці напітку, "багатага на электраліты.
Какос, падаецца, зьяўляецца незаменным штодзённым прадуктам блогераў, якія лічаць сабе экспэртамі ў галіне кухарства і здаровага ладу жыцьця.
Нядаўна, заклапочаная какосаманіяй Амэрыканская асацыяцыя сэрца выпусьціла справаздачу, у якой папярэдзіла спажыўцоў, што какосавы алей утрымлівае занадта шмат насычаных тлушчаў — мінімум 82%. Дарэчы, гэты паказчык для ялавічнага тлушчу — 50%, а для сьметанковага масла — 50-82%.
какосавы алей утрымлівае занадта шмат насычаных тлушчаў — мінімум 82%. Дарэчы, гэты паказчык для ялавічнага тлушчу — 50%
Шматлікія інтэрнэт-сайты раскажуць вам, што какосы стымулююць спальваньне тлушчу, папярэджваюць дэгенэратыўныя захворваньні галаўнога мозгу, памяншаюць пухліны, паляпшаюць імунную сыстэму, змагаюцца са старэньнем, прадухіляюць бактэрыяльныя, вірусныя і грыбковыя інфэкцыі.
Дарэчы, у Эўрапейскім Саюзе ніякіх цудоўных абяцаньняў вытворцы какосавага алею (і іншых какосавых прадуктаў) на этыкетках пісаць ня могуць. У адваротным выпадку іх чакаюць высокія штрафы, бо такія абяцаньні не падмацаваныя навуковымі доказамі. А ў Паўночнай Амэрыцы на дадзены момант разглядаюцца некалькі судовых пазоваў да буйных вытворцаў какосавых прадуктаў, таму што сваімі заявамі яны ўвялі пакупнікоў у зман.
Прыхільнікі какосавага алею сьцьвярджаюць, што какосавае масла для сэрца ўсё ж лепей, чым сьметанковае масла, нягледзячы на ненасычаны тлушч, і што таму нават ёсьць навуковыя доказы.
Джым Ман, прафэсар у галіне харчаваньня і мэдыцыны ва ўнівэрсытэце Отага, які зьяўляецца аўтарам вядучага дасьледаваньня па гэтым пытаньні, дае наступнае тлумачэньне. Ёсьць чатыры асноўныя насычаныя тлустыя кіслаты. Какосавы алей мае адносна шмат лаўрынавай кіслаты. У масьле гэтай тлустай кіслаты меней, але затое значна болей мірыстынавай і пальмітынавай кіслот. Лаўрынавая кіслата зьвязаная з палепшаным профілем ліпідаў (тлушчаў у крыві, прэдыктар каранарнай хваробы сэрца), чым мірыстынавая і пальмітынавая. Так што атрымліваецца, што масла мае горшы профіль, чым какосавы. Але прафэсар Ман ні ў якім выпадку ня раіць рэгулярнае выкарыстаньне какосавага алею. Лепей выкарыстоўваць іншыя гатункі алею (аліўкавы, рапсавы), якія ўвогуле маюць значна менш насычаных тлушчаў.
Менавіта агульны аб’ём насычаных тлушчаў трэба трымаць пад кантролем (незалежна ад таго, зь якіх менавіта кіслот ён складаецца). Нагадваю, што рэкамэндавана, каб агульная доля насычаных тлушчаў ў рацыёне была менш за 10% ад усёй спажыванай энэргіі. Для чалавека, які спажывае, скажам, 2000 калёрый на дзень, гэта — максымальна 28 г.
Нядаўняе агляднае дасьледаваньне (2016 г) пацьвярджае тэорыю прафэсара Мана. Аўтары дасьледаваньня да таго ж сьцьвярджаюць, што ўсе клінічныя выпрабаваньні дэманструюць: ужываньне какосавага алею павышае ўзровень агульнага халестэрыну ў крыві.
Ну а ці мае какосавы алей увогуле хоць нейкія перавагі? Так, мае — кулінарныя. Какосавы алей мае вельмі высокі так званы пункт дымленьня. Ключавым фактарам пры выбары алею для падрыхтоўкі гарачай ежы зьяўляецца тэмпэратура нагрэву і пункт дымленьня, пры якім зьмяняецца хімічная структура алею. Алей з высокім пунктам дымленьня прыдатны для гарачай (і вельмі гарачай) апрацоўкі ежы. Да таго ж, пры вырабе сырых і выпечаных дэсэртаў какосавы алей спрыяе стварэньню прыемнай крэмавай структуры.
Дарэчы, какосавая сельская гаспадарка — гэта вельмі сумная гісторыя. У адрозьненьне ад маркетынгавых вобразаў, какосы не прыходзяць да нас з бразыльскага раю. 95% какосавых арэхаў зьбіраюць дробныя фэрмэры, і 90% з тых дробных фэрмэраў жывуць у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Большасьць іх жыве ў галечы, менш чым на адзін даляр у дзень.