Замежнікі змогуць знаходзіцца ў Беларусі без рэгістрацыі дзесяць дзён, а ня пяць, як цяпер.
Пра гэта падчас прамой лініі распавёў TUT.BY першы намесьнік начальніка Дэпартамэнта па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Віталь Навумчык.
Зьмены адбудуцца ў сьнежні 2018 — студзені 2019 году. Праект закона аб прававым становішчы замежнікаў у Беларусі ўжо адпраўлены на ўзгадненьне ў Савет міністраў, у верасьні 2017 году яго павінны перадаць у Палату прадстаўнікоў.
Паводле словаў Навумчыка, гэтыя зьмены не зьвязаныя зь пяцідзённым бязьвізавым рэжымам, які пачаў дзейнічаць у Беларусі ў лютым 2017 года для грамадзян з 80 краін.
"Над законапраектам праца пачалася ў студзені гэтага года, у чэрвені мы яго ўнесьлі ў Савет міністраў. Сама ідэя павялічыць колькасьць дзён для замежнікаў без рэгістрацыі паўстала не спантанна. Мы не адстаем ад сусьветных тэндэнцый і ў пэўнай ступені ідзем на лібэралізацыю міграцыйнага заканадаўства ў пляне знаходжаньня без рэгістрацыі", — адзначыў ён.
Цяпер замежнікі, якія плянуюць правесьці ў Беларусі больш за пяць дзён, павінны зарэгістравацца ў гатэлі ці аграсядзібе. Калі турыст арандуе кватэру ці едзе да родных, то рабіць гэта давядзецца ў мясцовым аддзеле па грамадзянстве і міграцыі.