Выступаючы перад журналістамі 10 жніўня Трамп сказаў, што хоць ён заўсёды разглядае магчымасьць перамоваў, уладам Паўночнай Карэі варта «вельмі, вельмі нэрвавацца», калі яны зробяць нешта супраць Злучаных Штатаў.
Паводле яго, Пхэньян павінен «прыйсьці ў сябе», альбо ён напаткае праблемы, «зь якімі сутыкалася мала якая нацыя».
8 жніўня Трамп заявіў, што ЗША адкажуць «агнём і лютасьцю» на паўночнакарэйскія пагрозы на адрас Злучаных Штатаў. Заява прэзыдэнта прагучала пасьля публікацыі ў газэце The Washington Post — у яе інфармацыі прыводзіліся высновы аналітыкаў амэрыканскай вайсковай выведкі аб тым, што Пхэньяну ўдалося стварыць мініятурную ядзерную боегалоўку, якая можа быць выкарыстана ў балістычных ракетах.
Пасьля гэтага прадстаўнікі войскаў Паўночнай Карэі заявілі 9 жніўня, што «старанна вывучаюць» пляны ракетнай атакі па ціхаакіянскім востраве Гуам.
Яны прайграюць любую гонку ўзбраеньняў ці канфлікт, які распачнуць.
Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў 9 жніўня, што Паўночная Карэя «павінна спыніць любы разгляд дзеяньняў, якія прывядуць да канца рэжыму і зьнішчэньня народу».
«Дзеяньні рэжыму КНДР будуць значна пераўзыдзеныя нашымі, і яны прайграюць любую гонку ўзбраеньняў ці канфлікт, які распачнуць,» — гаворыцца ў ягонай заяве.
У мінулую суботу Рада Бясьпекі ААН аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненьні санкцый супраць КНДР у адказ на выпрабаваньні міжкантынэнтальных балістычных ракет.