Уласьнікам сайтаў пагражае да 6 месяцаў арышту
Гэта вынікае зь перапіскі, якую вядзе сям’я першага намесьніка старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ігара Барысава з праваахоўнымі органамі. Барысавы намагаюцца абараніць гонар, годнасьць ды дзелавую рэпутацыю сваёй сям’і. З Кастрычніцкага аддзелу міліцыі жонцы палітыка Алене паведамілі, што дзеяньні зламысьнікаў падпадаюць пад «незаконнае зьбіраньне альбо распаўсюджваньне інфармацыі аб прыватным жыцьці». Крымінальны кодэкс прадугледжвае за гэтае злачынства арышт да шасьці месяцаў.
У праваахоўныя органы Барысавы зьвярнуліся пасьля таго, як убачылі ў публікацыях фатаздымкі непаўналетняй дачкі, якія захоўваліся ў прыватным архіве на кампутары, забраным міліцыянтамі падчас ператрусу на кватэры палітыка ў 2015 годзе.
«Мяне не цікавіць, што гэтыя сайты пішуць пра мяне, — кажа ён, — але інтарэс выклікаюць фатаздымкі, якія я захоўваў у прыватным архіве кампутара: як яны трапілі на гэтыя сайты, хто іх перадаў. Апублікавалі іх нахабна. Спачатку мяне намагаліся прыцягнуць да крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасьці ў 2015 годзе, калі ж гэта не ўдалося, то адбыўся праз год зьліў інфармацыі пра мяне і маю сям’ю».
Барысаў: Не абышлося без спэцслужбаў
Ігар Барысаў лічыць, што ягоная прыватная інфармацыя стала публічнай не без удзелу спэцслужбаў, якім яе перадалі тыя, хто аглядаў забраную тэхніку.
«Гэтыя сайты курыруюцца спэцслужбоўцамі, — кажа ён. — Сайты створаныя імі, каб дыскрэдытаваць апанэнтаў улады, бо ў спэцслужбаў ёсьць зьвесткі пра прадстаўнікоў апазыцыі, якія нельга знайсьці ў адкрытых крыніцах. Я перакананы, што на кожнага заўважнага апазыцыянэра створанае дасье. Па меры іхнай актыўнасьці адбываецца зьліў прыватных зьвестак і зьвестак, сабраных агентурай».
Міліцыя: Сваю годнасьць бараніце самі
У ходзе праверкі міліцыя выявіла, што ўласьнікі сайтаў www.dal.by і http:voskresinfo.com, пра якія паведамлялі Барысавы, — мянчук Андрэй Пятроўскі і магілёвец Кірыл Нікіфарэнка. Міліцыянты не змаглі іх апытаць, бо нібыта ня выявілі месца знаходжаньня, і спынілі праверку. Барысавым рэкамэндавалі самім зьвярнуцца ў суд, каб прыцягнуць зламысьнікаў да адказнасьці. Барысавы ж зьвярнуліся ў пракуратуру, каб тая распачала крымінальную справу па факце выяўленага злачынства.
«Мы хочам, каб дзяржава сама распачала крымінальны перасьлед зламысьнікаў, бо іхныя дзеяньні мы разглядаем як грамадзка небясьпечныя. Яны нясуць пагрозу грамадзтву, бо адбываецца дыскрэдытацыя апанэнтаў улады з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу. Калі міліцыя не наважваецца распачаць крымінальную справу, то няхай гэтым зоймецца наглядны орган», — кажа Ігар Барысаў.
«Дзеяньнямі згаданых асобаў, — напісаў у звароце пракурору Магілёва партыец, — прычыненыя маральныя пакуты маёй сям’і — жонцы Алене і дачцэ Яліне, імёны якіх неаднаразова выкарыстоўваліся ў цынічных выказваньнях з прыватнымі фатаздымкамі, якія невядома як трапілі да іх».
Барысавы дамагаліся прызнаньня факту злачынства паўтара года. Ім самім удалося выявіць аднаго з уладальнікаў сайту. Зламысьнікаў яны хочуць прыцягнуць да адказнасьці за паклёп, абразу і распаўсюд прыватнай інфармацыі.