КНДР да сярэдзіны жніўня завершыць працу над плянам прэвэнтыўнага ўдару па раёне ціхаакіянскай выспы Гуам, дзе знаходзяцца амэрыканскія вайсковыя базы. Пра гэта заявіла камандаваньне арміі Паўночнай Карэі.
У Пхэньяне адзначылі, што рыхтуюць запуск ракет сярэдняй далёкасьці «Хвасон-12». Паводле пляну, яны павінны праляцець над Японіяй і ўпасьці ў ваду за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад Гуаму. У кіраўніцтве КНДР сьцьвярджаюць, што іх ракетная праграма накіраваная выключна на стрымліваньне амэрыканскіх сіл у рэгіёне.
Напярэдадні міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заклікаў Паўночную Карэю спыніць распрацоўку ядзернай зброі і выйсьці з самаізаляцыі. Да гэтага прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў адказаць на паўночнакарэйскую пагрозу «агнём і лютасьцю, якой сьвет ніколі ня бачыў». Словы кіраўніка Белага дому сталі рэакцыяй на заявы Пхэньяну аб тым, што ў краіне вырабілі ядзерную боегалоўку.
У мінулую суботу Рада Бясьпекі ААН аднагалосна прыняла рэзалюцыю аб узмацненьні жорсткасьці санкцый супраць КНДР у адказ на выпрабаваньні міжкантынэнтальных балістычных ракет. Паўночная Карэя адпрэчыла гэты дакумэнт і заявіла, што ён парушае яе сувэрэнітэт.