Дзеці і гвалт: як спыніць хатняе пекла

Наста Захарэвіч

Двух мужчын — бацьку і сына — Магілёўскі абласны суд пакараў за сэксуальны гвалт у дачыненьне да прыёмных дзяцей гэтай сям’і. Дзяцей гвалцілі некалькі гадоў, і ўсё скончылася цяжарнасьцю 13-гадовай дзяўчынкі. Да гэтага навакольныя альбо нічога не заўважалі, альбо рабілі выгляд, што не заўважаюць.

Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожная пятая жанчына і кожны трынадцаты мужчына паведамляюць пра тое, што перажылі сэксуальны гвалт у дзяцінстве.

Сэксуальны гвалт у дачыненьні да дзяцей — тэма ў пэўнай ступені табуяваная. Але чым больш парушаецца гэтае табу, тым эфэктыўнейшай робіцца барацьба са злачынцамі. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, кожная пятая жанчына і кожны трынадцаты мужчына паведамляюць пра тое, што перажылі сэксуальны гвалт у дзяцінстве. І ёсьць нагоды меркаваць, што рэальная сытуацыя горшая за афіцыйную статыстыку, бо з шэрагу прычын людзі адмаўляюцца казаць пра тое, што ім давялося перажыць, нават праз дзясяткі гадоў. Хтосьці хоча проста ўсё забыць і не вяртацца думкамі ў той жах, кагосьці працягвае руйнаваць знутры пачуцьцё віны, хтосьці саромеецца.

Дзеці часта проста не ведаюць, як можна распавесьці пра сэксуальны гвалт.

Калі нават дарослыя адмаўляюцца казаць пра ўжо далёкі гвалт, дык зь дзецьмі сытуацыя яшчэ больш складаная. Па-першае, дзецям часта страшна. Агрэсар можа запалохваць ахвяру, казаць, што ёй ніхто не паверыць, пагражаць расправай. Па-другое, дзеці часта проста не ведаюць, як можна распавесьці пра сэксуальны гвалт. Ім можа не хапаць словаў, альбо яны не ведаюць, як падступіцца да тэмы. Як распавесьці маме, што тата ўчора лазіў табе ў майткі? «Прывітаньне, мама, так, зараз памыю рукі і сяду есьці. Дарэчы, мяне тата ўчора кранаў. Ну... там...»?

Для таго, каб супрацьстаяць сэксуальнаму гвалту ў дачыненьні да дзяцей, Сусьветная арганізацыя аховы здароўя прапаноўвае адукоўваць мэдыкаў, пэдагогаў, бацькоў і саміх дзяцей. Школьныя настаўніцы і мэдсёстры мусяць ведаць, на што варта зьвярнуць увагу, і пры якіх сыгналах зьвяртацца ў псыхалягічную службу па кансультацыю.

Важна ўводзіць у школы абавязковыя ўрокі сэксуальнай асьветы.

Шмат кажуць пра важнасьць давяральных стасункаў паміж бацькамі і дзецьмі, але гэтая ідэя губляе сэнс у сытуацыях, калі небясьпека сыходзіць непасрэдна ад бацькоў. Вельмі важна, каб дзіця атрымлівала інфармацыю пра павагу, давер, бясьпеку, сэксуальнасьць ня толькі ўнутры сям’і, але і па-за яе межамі. Таму гэтак важна ўводзіць у школы абавязковыя ўрокі сэксуальнай асьветы.

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя кажа пра важнасьць адукацыйных праграм па такіх тэмах:

  • Права ўласнасьці на сваё цела
  • Розьніца паміж добрымі і кепскімі дотыкамі
  • Як распазнаваць сытуацыі, у якіх ёсьць пагроза
  • Як сказаць «не»
  • Як распавесьці пра няправільнае абыходжаньне даросламу, які заслугоўвае даверу

На жаль, няма ўнівэрсальнага і надзейнага альгарытму, як абараніць дзяцей ад сэксуальнага гвалту. Але чым больш сацыяльных сыстэм будзе ўключана ў клопат пра бясьпеку дзіцяці, тым меншай будзе імавернасьць, што гвалт застанецца незаўважаным. Уважлівае стаўленьне школьных настаўніц да дзіцячых траўм, рэагаваньне на расповеды пра бацькоўскія пакараньні, рэгулярная прафэсійная псыхалягічная дыягностыка — калі ўсё гэта робіцца комплексна, дзіця аказваецца больш абароненым.

Што было б, калі б дзяўчына не зацяжарыла?

Тым бацьку і сыну, якія гвалцілі прыёмных дзяцей, вынесьлі строгі прысуд: 14 і 19 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна. Але што было б, калі б дзяўчына не зацяжарыла? Тых дзяцей так і працягвалі б гвалціць? І колькіх яшчэ дзяцей у нашай краіне вымушаны жыць у пекле, створаным самымі блізкімі, здавалася б, людзьмі?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.