Ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам, дзе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, пачалі мяняць старыя драўляныя крыжы на новыя мэталічныя. Грошы на іх зьбіралі праз краўдфандынгавую пляцоўку «Талака» на ініцыятыву грамадзкай дырэкцыі Народнага мэмарыялу Курапаты.
Паводле яе кіраўніка Алеся Чахольскага, усяго сабрана больш за 5000 рублёў. Плянавалася сабраць 10000 тысяч, каб усталяваць больш крыжоў, але было прынятае рашэньне спыніць збор. Прычына — у падатковым заканадаўстве. Як даведаўся Чахольскі, яму давядзецца плаціць падатак за ахвяраваньні, якія перабольшаць 5 550 рублёў.
Выраб і ўсталяваньне аднаго крыжа каштуе 85 рублёў. Да канца лета ў Курапатах усталююць 60 новых крыжоў — 15 з боку МКАД і 45 з боку Заслаўскай шашы.
Збор сродкаў на новыя крыжы пачалі яшчэ ў сакавіку 2017 году — падчас абароны Курапатаў.
Старыя драўляныя крыжы выкідаць ня будуць, іх пераставяць углыб урочышча, на брацкія магілы расстраляных тут ахвяраў сталінізму.