Юркойцеў суд. Турма без тлумачэньня «за што»

8 жніўня ў Менскім абласным судзе абвясьцілі прысуды 16 фігурантам гучнай справы ашмянскіх мытнікаў

Раніцай тэлефануе Алесь Пушкін, знакаміты мастак з Бабра: Сяргей, прачытаў, што далі прысуды ашмянскім мытнікам, а пра Алеся Юркойця ні слова…

Пачатак ТУТ

Кажу, гэта ня той суд. Дакладней, справа нібыта адна, судзяць 58 мытнікаў з Каменнага Логу, але працэсаў некалькі. І цяпер зачыталі прысуды мытным начальнікам і бізнэсоўцам у Менскім абласным судзе. А ў менскім Партызанскім, дзе судзяць 11 чалавек мытных інспэктараў, у тым ліку Юркойця, пакуль што перапынак, яшчэ нават спрэчак не было, ня тое што прысудаў. І працэс тут адновіцца 15 жніўня.

Што да прысудаў начальнікам, дык іх справядлівасьць выклікае пытаньні. Галоўнае зь іх — за што? У фармулёўках прысуду застаўся «бесьперашкодны пропуск», хоць шмат разоў гаварылася, што мытнікі не ажыцьцяўляюць пропуск, яны афармляюць машыны, і што сама мяжа ўжо ёсьць перашкодай, а што машыны з кветкамі афармлялі ў першую чаргу, дык так і павінны рабіць, бо кветкі — «скарапорт», таксама як, скажам, мяса ці малочныя прадукты. Гэта адно. Другое — які быў нанесены «ўрон» дзяржаве, калі літоўскія бізнэсоўцы плацілі ўзнагароджаньне беларускім пасярэднікам — сваімі грашыма? Трэцяе — суд у якасьці доказаў віны грунтаваўся на прызнальных паказаньнях і цалкам ігнараваў паказаньні тых, хто адмаўляе сваю віну. І гэта пры тым, што падсудныя ня раз заяўлялі пра катаваньні з боку сьледчых КДБ, а значыць, можна лёгка разлічыць цану тых прызнаньняў і агавораў, якія літаральна выбіваліся ў КДБ.

Відавочна, мы зьяўляемся гледачамі п’есы, напісанай сьледчымі і пастаўленай на некалькіх судовых сцэнах. Хоць сама сутнасьць справы засталася за кадрам. Найбольш атрымаў Гарнік Сарумянц — 11,5 гадоў турмы. Гэта ў яго «знайшлі пад ваннай» 2 мільёны даляраў, пра што казаў, анансуючы гэтыя спэктаклі, Аляксандар Лукашэнка. Суд не зацікавіўся ані паходжаньнем гэтых грошай, ані тым, што Сарумянц даўно не працуе на мытні, што ён бізнэсовец, які абслугоўваў інтарэсы літоўскага бізнэсоўца Тураева, за што, натуральна, атрымліваў узнагароджаньне. «Ты маеш сувязі на мытні, зрабі мне кантроль за афармленьнем маіх машын, я табе заплачу» — «Галоўнае, каб у тваіх машынах быў поўны парадак з дакумэнтамі» — «Ок. Па руках». Вось бы даведацца, чые інтарэсы ў такой зьдзелцы пацярпелі, дзе тут прыкметы злачынства і чаму такая зьдзелка паміж двума бізнэсоўцамі кваліфікуецца як хабар. Таксама за кадрам застаецца пытаньне — навошта мытныя начальнікі плацілі грошы шараговым мытнікам, калі ад тых не залежала нічога — і яшчэ дзясяткі, дзясяткі пытаньняў, на якія суд і не шукаў адказу, цалкам даверыўшыся фантазіям сьледчых КДБ.

Даводзіцца з сумам канстатаваць, што мы жывем у такой дзяржаўнай сыстэме, дзе чалавечы лёс ня лічыцца дый ніколі не лічыўся чымсьці каштоўным. Дарма што сям’я і школа кажуць нам адваротнае. Ну пасадзілі, ну расстралялі. За што? «Ні за што ў турму не пасадзяць». Памер тваёй віны вызначаецца не тваімі рэальнымі ўчынкамі, а толькі тым, ці пагадзіўся ты граць прыдуманую для цябе ролю ў п’есе КДБ.

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.