Браты Бакіноўскія зь фірмы «Гранітны сьвет» у Заслаўі бясплатна вырабілі помнікі на магілы бацькоў Васіля Быкава і ягонай сястры Валянціны.
Пра гэта на старонцы ў Фэйсбуку напісаў каардынатар культурніцкіх праектаў Глеб Лабадзенка.
Паводле Лабадзенкі, днямі яны з сынам Васіля Ўладзімеравіча паедуць паглядзець на арыгіналы. А пасьля гэтага кіраўнікі «Гранітнага сьвету» паабяцалі ўсталяваць помнікі ў Бычках і Воўчы – зноў жа, бясплатна.
«Сабраныя раней грошы (у эквіваленце каля 150 даляраў) перадам фірме, каб хоць неяк кампэнсаваць выдаткі на давоз і ўсталяваньне помнікаў, – адзначыў Глеб Лабадзенка. – Вось жа, сябры, рэклямую ад усёй душы гэтых неабыякавых людзей: як хто мае патрэбу паставіць помнік па сваяках, то майце на ўвазе».
Сёлета ў траўні Глеб Лабадзенка распачаў грамадзкі збор сродкаў на помнікі бацькам Васіля Быкава – старыя з гранітнай крошкі пачалі развальвацца. Ўладзімер Фёдаравіч і Ганна Рыгораўна Быкавы ўсё жыцьцё пражылі ў Бычках, там і пахаваныя.
А неўзабаве пасьля гэтага патэлефанаваў з Заслаўя Іван Бакіноўскі, адзін з уладальнікаў фірмы «Гранітны сьвет». Сказаў, што з братам ахвяруюць тры гранітныя помнікі для бацькоў і сястры Васіля Быкава.